Вынік справы перакрыцця дарогі ў Серабранцы


Пяцёра пацярпелых, якія фігуруюць у справе, не мелі прэтэнзіяў.

«Мне некалькі разоў пагражалі расстрэлам у выпадку, калі я не пачну сведчыць супраць сябе альбо іншых людзей. Я адмовілася», – гэта частка апошняй прамовы Вольгі Класкоўскай на судзе, якую сёння на два гады пазбавілі волі за перакрыццё дарогі ў Менску. Тады з адным з кіроўцаў адбылася сутычка.

Вынесеныя прысуды па справе блакавання дарогі ў Серабранцы.
Фота: Белсат

Двух хлопцаў, таксама фігурантаў гэтай справы, вызвалілі з-пад варты. Тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову атрымаў няпоўнагадовы Максім Бабіч, два з паловаю гады таксама «хатняй хіміі» далі Артуру Булаўскаму. Пяцёра пацярпелых, якія фігуруюць у справе, не мелі прэтэнзіяў.

«Шчыра, першыя пару дзён было нязвыкла, а потым асвоіўся, распавялі, што навошта і чаму», – узгадвае пра вязніцу Артур Булаўскі.

Таксама ў Менску 79-цігадовая Ларыса Соўсь, вядомая між іншым тым, што перажыла Галакост, атрымала сёння 810 рублёў штрафу. Яе затрымалі 6-га снежня падчас нядзельнага маршу: калі жанчына шпацыравала. Зазвычай жанчына ходзіць на маршы пенсіянераў.

«Мая пенсія – 590. Вось і падлічыце – амаль паўтары маіх пенсій. Ну што, давядзецца ўжацца трошкі – калі ласка. Ім так трэба – няхай падавяцца», – абураецца Ларыса.

У шпіталь з каронавірусам трапіў палітзняволены Кірыл Паўлавец, таму суд пераносіцца на студзень. Мужчыну затрымалі 4-га кастрычніка пасля традыцыйнага нядзельнага маршу. Вінавацяць у арганізацыі дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак. У Кірыла – двое дзяцей, двух і чатырох гадоў.

Не дбаюць і пра здароўе Вікторыі Крэпскай з Менску, якую ўчора пакаралі 25-цю соднямі арышту, не беручы пад увагу эпілепсіі. Пры затрыманні ў жанчыны здарыўся чарговы прыступ.

Дзіяна Раткевіч, belsat.eu