Выкіды заводу «Гомельшпалеры» могуць быць прычынаю анкалагічных захворванняў




Псіхіку раздражняе манатонны гул, які даносіцца з фабрыкі «Гомельшпалеры» Навабеліцкага раёну, але найгоршае, што прыносіць вецер – нязносны пах вытворчасці. Жыхары ваколіцаў прадпрыемства наракаюць на частыя хваробы і перадусім дзеля здароўя дзяцей – дабіваюцца ад улады прыняцця захадаў.

«Галандскае абсталяванне, якасная папера і сучасны дызайн. Прадпрыемства «Гомельшпалеры» дае працоўныя месцы і экспартуе мільёны ролек шпалераў на год» – чуем з рэкламы. А праз шэрую трубу фабрыка атручвае жыццё жыхарам Навабеліцкага раёну.

Жыхары Навабеліцкага раёну абураюцца:

«Што яны там робяць, я не ведаю – шпалеры – не шпалеры. Але пах стаіць, што часам не магчыма дыхаць».

«Я нават ведаю выпадкі, калі людзі гублялі прытомнасць, бо тут папросту стаіць такі туман, смог».

«Улетку на рацэ за фабрыкай будзе людзей шмат, будзе пляж, вось тады і надыхаюцца. Яно як ідзе сюды, то дыхаць нельга на вадзе, загараць немагчыма!»

Слабое месца ў вытворчасці шпалераў – выкід фармальдэгіду. Гэта ірытант, высокатаксічны, канцэрагенны, мутагенны газ з рэзкім непрыемным пахам. Дапушчальная канцэнтрацыя ў паветры – не больш за 0,035 мг/м³. Адчувальны ж пах сведчыць пра значнае перавышэнне гэтага максімуму – тлумачыць кандыдат біялагічных навук Віктар Хоміч:

«Фармальдэгід выклікае ў абавязковым парадку алергічныя рэакцыі, выклікае бяссонніцу, уздзейнічае на нервовую сістэму, ідзе працэс атручвання, абавязкова пачынаюцца галаўныя болі, галавакружэнне, млоснасць».

А ў рэгулярных спажыўцоў таксіну развіваюцца анкалагічныя захворванні.

За канцэнтрацыяй адкідаў сочыць «Гомель-абл-гідрамет», адмыслоўцаў якога месяц таму жыхары «злавілі» на правядзенні замераў па-за праблемнай зонаю. Спадарыня Валянціна кажа за кадрам: «Вось вы цяпер замяраеце ў месцы, куды вецер увогуле ня дзьме. Ён дзьме вунь туды – на рэчку». Але спецыялісты замяраюць там, дзе начальства наказала і адказваюць: «Пазначаны адрас, дзе ў які дзень мы мусім прыйсці адабраць».

Дзейны спосаб на атрыманне ўзорных экалагічных паказнікаў… Скаргаў і зваротаў ад людзей на працягу двух гадоў назбіралася, як шпалераў у рольцы. Галоўнае патрабаванне – паставіць ачышчальныя ўсталяванні!

Прычыну такога захавання знаходзім у словах кіраўніка гомельскай вобласці, які наведаў вытворчасць.

«Калі 16 студзеня прыязджаў да нас у горад Худык Андрэй Паўлавіч – гэта міністр прыродных рэсурсаў, «Гомельшпалеры» цалкам адключылі на 3 дні свой участак», – кажа Віктар Хоміч.

«Сусветны рынак прасеў, і попыт на прадукцыю зменшыўся. Сёння нам усім трэба працаваць на зніжэнне выдаткаў, каб атрымаць канкурэнтаздольную прадукцыю», – тлумачыць Уладзімір Дворнік, старшыня гомельскага аблвыканкаму.

Магчымасць паскардзіцца на шкодныя адкіды мелі толькі тыя, хто там працуе – кажа былы рабочы фабрыкі Фёдар Белы:

«Што чалавек рабочы можа сказаць? Толькі што там няма паху, і што ён адчувае сябе прыўкрасна і камфортна. Бо інакш яму кантракт не падоўжаць».

І на гэтым – кола замыкаецца…

Юлія Цяльпук, belsat.eu