Аб'ектыў 09.10.2018 Выбухі на вайсковым складзе і масавая эвакуацыя ў Чарнігаўскай вобласці


Серыя выбухаў прывяла да велізарнага пажару на вайсковым складзе ў Чарнігаўскай вобласці Украіны. Загінулых няма, але эвакуяваныя ўжо больш за 12 тысячаў чалавек з навакольных паселішчаў. Улады Украіны кантралююць сітуацыю і робяць захады для спынення пажару. Што сталася прычынай інцыдэнту – злачынная нядбаласць ці варожая дыверсія?

Жыхары Дружбы:

«А трэцяй гадзіне ўначы пачалося. Пачаўся грохат – тры разы прагрымела. Я прачнулася, прыбегла да сваіх, пачала будзіць. Сказала, пачалося, відаць, як ува ўсіх».

«Дзверы, рамы, сценка ўпала. Самі разумееце, выбухная хваля. Ды ўва ўсіх дамах».

9 кастрычніка а палове на чацвёртую ўначы з’явілася першая інфармацыя пра серыю выбухаў на тэрыторыі 6 арсеналу Міністэрства абароны Украіны каля гораду Ічня, дзе захоўваецца каля 88 тысячаў тон боепрыпасаў. У асноўным для цяжкай стралковай зброі. Снарадаў для залпавай артылерыі на складах няма, паведамляюць афіцыйныя крыніцы.

Міхайла Самусь, вайсковы эксперт:

«Падобна, што гэта была штучная сітуацыя, створаная нейкім чынам. То бок гэта было вонкавае ўмяшанне або дыверсія… Для гэтага можна было выкарыстаць беспілотнік, які можа здзейсніць такую атаку».

Гэта ўжо не першы такі інцыдэнт ва Украіне пасля пачатку ўзброенага канфлікту на Данбасе. Найбольш вядомы адбыўся летась 23 сакавіка – тады ў Балакліі, што ў Харкаўскай вобласці, загінулі два чалавекі, пяць пацярпелі, а 36 тысяч асобаў давялося эвакуяваць. Агулам было пашкоджана 265 будынкаў. Міністэрства абароны Украіны заявіла, што прычынаю была дыверсія.

Валер Каліноўскі, журналіст радыё «Свабода»:

«Гэта, канечне, зусім не выпадковасць, што ўжо чацвёртае сховішча з боепрыпасамі ва Украіне фактычна знішчанае. Украіна фактычна пазбаўляецца магчымасці далей ваяваць – не хапае гэтых боепрыпасаў, трэба новыя ствараць. Патронныя заводы ў Данецку таксама захопленыя».

Пасля папярэдніх выбухаў на ўкраінскіх складах вайскоўцам загадалі пераходзіць на захоўванне зброі ды боепрыпасаў толькі ў крытых памяшканнях. Аднак на складзе каля Чарнігава гэты загад быў выкананы толькі напалову. Адпаведна, 50 адсоткаў зброі магло стацца лёгкаю здабычаю для дыверсантаў.

Міхайла Самусь, вайсковы эксперт:

«Чарнігаўская вобласць – гэта недалёка ад мяжы. І таму я думаю, што гэтую дыверсію можна было зрабіць без праблемаў для расейцаў. Іншае пытанне – наколькі цяпер украінская тэрыторыя абароненая. Асабліва маючы на ўвазе чарнігаўскі кірунак, гэта недалёка ад сталіцы».

У той жа момант, на меркаванне экспертаў, гэтыя падзеі не могуць быць пачаткам нейкай буйнамаштабнай эскалацыі вайсковага супрацьстаяння Расеі ды Украіны. Яны, хутчэй, скіраваныя на падрыў іміджу і матэрыяльнага стану ўкраінскага войска.

Валер Каліноўскі, журналіст радыё «Свабода»:

«Пакуль украінскае войска можа стрымліваць расейскае, войска сепаратыстаў. Украінскае войска ўзмацнілася і ўжо не будзе такою лёгкаю здабычай для Расеі, як у 2014 годзе. Гэта па-першае. Па-другое, як стала бачна па сірыйскіх падзеях, расейскае войска не такое ўжо самае вялікае і моцнае».

Адмыслоўцы сцвярджаюць, што любыя негатыўныя інцыдэнты, звязаныя з украінскім войскам, будуць выкарыстоўвацца Крамлём як для ўнутранай, гэтак і для вонкавай прапаганды, мэта якой – стварыць вобраз Украіны як небяспечнага суседа і ненадзейнага партнёра. Калі ж ёсць матэрыяльная шкода для праціўніка – дык яшчэ і лепей.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары