Аб'ектыў 18.02.2018 Выбары ў рэгіёнах: «Усё ўжо цалкам вырашана»


Назіральнікі ў рэгіёнах фіксуюць грубыя парушэнні на выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў.

У Баранавічах кандыдат ад АГП Мікалай Чарнавус спрабаваў паразмаўляць з кіроўцам бусу, які, верагодна, прывёз карусельнікаў. Як вынік, адразу выскачыў старшыня камісіі.

Падобныя эмоцыі ў Гомлі выклікаў кандыдат на дэпутацтва Максім Філіповіч.

«Яны баяцца праўды, у кожны кадр можа патрапіць нейкая праўда», – кажа Максім Філіповіч.

Зрэшты, з участку ў Гомлі выгналі назіральнікаў – Юлію Філіповіч і Аляксандра Гехта – нібыта за відэафіксацыю, хоць апошні ўвогуле нічога не здымаў.

«Усё ўжо цалкам вырашана, у іх ёсць гатовыя рашэнні. Мы, як назіральнікі, нават не бачылі гэтых скрыняў. Трэба было выгінацца, каб хоць неяк іх бачыць», – адзначае Юлія Філіповіч.

«У мяне прайшло 837 чалавек. А ў іх чамусьці атрымалася 1134», – распавядае назіральнік з Гомля Барыс Анікееў.

Нялёгкім было і назіранне за галасаваннем у Бабруйску. Гэтак, на ўчастку нумар 76 кандыдату ў абласны савет давялося два дні пераконваць старшыню камісіі ў законнасці відэафіксацыі.

«Мы бярэм відэакамеры, ставім іх на штатывы і цягам усяго дня вядзецца патокавая здымка – колькі чалавек прыйшло, колькі выйшла», – распавядае кандыдат на дэпутацтва ў Бабруйску Алег Жалноў.

Звесткі, сабраныя на ўчастках назіральнікамі, пацвярджаюць: чальцы камісіі сістэматычна завышаюць яўку. Зрэшты, іншым бабруйскім назіральнікам на 86-м участку ўдалося выявіць каруселі.

«На мой участак прыйшло чатыры чалавекі, якія раней працавалі ў школе нумар 30, дзе я вучылася. Прагаласавалі, потым спусціліся ўніз – на 87 участак – і зрабілі тое самае», – кажа Вікторыя Поляк.

Вось табліца для ўсёй дзясятай акругі ў Бабруйску. Злева – колькасць выбарнікаў, якую налічылі ў камісіі падчас датэрміновага галасавання. У цэнтральнай калонцы – звесткі назіральнікаў, справа – розніца. Як бачна, напрыклад, на ўчастку № 65 звесткі камісіі завышаныя напалову.

Але і гэта яшчэ далёка не рэкорд. У Магілёве на ўчастку нумар 152 назіральнік зафіксаваў больш як 600 адсоткаў накруткі.

Назіральнік нагадаў пра адказнасць за фальсіфікацыю выбараў, за што яго выставілі за дзверы.

«Называючы парушэнне, якога артыкулу, і кажу – за яе ўстаноўлена крымінальная адказнасць, якая прадугледжвае санкцыю ў выглядзе 5 гадоў пазбаўлення волі. Вось і ўсё!» – адзначае назіральнік Юрый Дарашэнка.

Усіх гэтых фактаў бадай дастаткова, каб канчаткова пераканацца ў адсутнасці сумленных выбараў у Беларусі. Але ці трапляе інфармацыя пра фальсіфікацыі да беларусаў?

Выбарнікі кажуць:

Мене падаецца, у нас у Беларусі, заўсёды ўсё ідзе сумленна.

«Каруселі, студэнтаў гоняць галасаваць».

– Як думаеце, Ваш голас нешта вырашае?

– Абсалютна нічога.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары