Выбары без незалежнага назірання


Андрэй Застрэлаў зарэгістраваўся назіральнікам ад ініцыятывы «Сумленныя людзі» на 97 участку ў Магілёве. Але назіраць за хадою датэрміновага галасавання яго не пусцілі. Калі Андрэй стаў высвятляць прычыны, сябры камісіі выклікалі на яго міліцыю.

«Была выкліканая міліцыя, ну, уласна далей ужо паехалі ў раённы аддзел разбірацца аб тым, што я перашкаджаў працы ўчастковай камісіі. Хаця ў прынцыпе да мяне ніякіх заўваг, акрамя таго, што я павінен быў пакінуць участак, не было», – кажа Андрэй Застрэлаў.

Праз гадзіну пасля гэтага інтэрвʼю Андрэя затрымалі другі раз і даставілі ў ізалятар часовага ўтрымання да суда. Нормы допуску назіральнікаў на ўчастак – 3 чалавекі падчас датэрміновага галасавання і 5 у асноўны дзень – устанавіла сёлета Цэнтральная выбарчая камісія. Афіцыйная прычына – каронавірус.

«Самі сябры выбарчай камісіі не надзявалі масак, назіральнікі нібыта незалежныя таксама былі без масак. Ніхто масак не прапаноўваў выбарнікам, якія прыходзілі на ўчасткі. Самі сябры камісіі стаялі ў купцы, не трымалі дыстанцыі», – кажа назіральніца Азалія Аліева.

«Мы 3 гадзіны прастаялі стоячы – крэслаў нам не далі, а праз 3 гадзіны нас пазбавілі акрэдытацыі, незразумела на якіх падставах», – сцвярджае назіральніца Ірына Піліпенка.

Тройку звычайна займаюць назіральнікі з дзяржаўных структураў: БРСМ, «Белая Русь» і гэтак далей. Астатнія назіральнікі вымушаныя стаяць у калідоры ці на дварэ і чакаць сваёй чаргі паводле графіку.

«Відавочна, што гэта не назіранне, бо няма поўнай карціны. Таму мы лічым, што гэта нядопуск на ўчасткі, бо назіральнік па Выбарчым кодэксе мае права знаходзіцца столькі, колькі яму там спатрэбіцца», – каментуе сябра кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Алесь Буракоў.

На парушэнні падчас датэрміновага галасавання назіральнікі па ўсёй краіне падалі некалькі тысяч скаргаў.

«Калі не даюць азнаёміцца з пратаколамі, мы таксама лічым гэта парушэннем, бо выбары страцілі атрыбуты выбараў», – кажа сябра кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Алесь Буракоў.

Адзінкамі маюць месца і іншыя парушэнні. Назіральніца Вольга Серакова заўважыла:

«Намеснік старшыні камісіі Мазураў уключыў тэлевізар, роўна а 12-ай пачалася трансляцыя, відэазварот А. Г. Лукашэнкі парламенту. Падчас галасавання, я лічу, ішла адкрытая агітацыя».

Паводле звестак Цэнтральнай выбарчай камісіі, за першы дзень участкі наведалі амаль 5% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі фіксуюць значна ніжэйшыя лічбы. Мы запыталі выбарнікаў, чаму яны прыйшлі на датэрміновае галасаванне і ці давяраюць яму.

«Я буду ў выходныя на лецішчы, няма магчымасці, я лічу, што прагаласаваць, калі трэба, чалавек мае права, тады і можа».

«Мяне тут проста не будзе, таму няма магчымасці ў такі дзень, я з задавальненнем заўсёды ў буфет люблю зайсці, але, на жаль, не магу, толькі сёння. Я давяраю, ёсць назіральнікі, ёсць склад, які павінен быць сумленным, спадзяюся».

«На датэрміновым не буду: не раяць галасаваць датэрмінова, бо вялікая верагоднасць фальсіфікацыяў».

Незалежным назіральнікам будзе цяжка фіксаваць і тым больш падаваць скаргі на парушэнні, калі такія будуць. Бо, калі цябе няма на ўчастку, ты нічога не бачыў, а значыць, і парушэнняў не было.

Вольга Васільева, «Белсат»