Выбары-2018: хамства, фальсіфікацыі і пагрозы


Нядопуск незалежных кандыдатаў ды нават запужванні тых, хто прарваўся ў мясцовыя саветы. Гэтак, актывістцы Розе Стрэльчанцы, якую абралі дэпутатам Капліцкага сельсавету, чыноўнікі з Гомельскага аблвыканкаму пагражаюць пакласці ў псіхіятрычны шпіталь. Тым часам новыя факты паўсюднага хамства і фальсіфікацыяў усплываюць усё больш.

Абсурдныя выдаленні назіральнікаў, хамскія паводзіны выбарчых камісіяў – з’ява, якую фіксавалі ў нядзелю ўва ўсёй Беларусі.

Гэткі выбарчы фарс негатыўна ацаніла і кампанія «Гавары праўду». І, хоць палітычная сіла, якая выставіла 169 кандыдатаў, аптымістычна заклікала прыходзіць на ўчасткі, улады разбілі іхныя апошнія спадзевы.

«Ніхто, фактычна, не прайшоў з дэмакратычных сілаў, засталіся гэтыя мясцовыя саветы без альтэрнатывы. І блакаванне сайтаў і збіццё журналістаў. Усё гэта разам сведчыць, што ўлада вырашыла зрабіць велізарны крок назад у пытанні мірных пераменаў»,- кажа Андрэй Дзмітрыеў.

Тым часам сябры кампаніі «Права выбару», якія назіралі за галасаваннем на 78 участках Магілёўшчыны, заявілі, што налічылі 162 скаргі аб парушэннях.

«Прызнаць гэтыя выбары дзейснымі мы не здольныя. Нашыя кандыдаты падалі скаргі і будуць дамагацца адмены вынікаў выбарчай кампаніі», – кажа прадстаўнік БХД Алег Аксёнаў.

«Будзе адбывацца да той пары, пакуль у склад выбарчых камісіяў не будуць уключацца прадстаўнікі ўсіх палітычных партыяў, а не толькі настаўнікі і працоўныя калектывы», – кажа сябра БСДП «Грамада» Наталля Шкадун.

Не падвялі кіраўніцтва дзяржавы і функцыянеры Шклоўшчыны. Там назіральнікі зафіксавалі проста фантастычныя лічбы.

«Звыш 60 адсоткаў – датэрміновае галасаванне. На адным з участкаў, у дзень галасавання, гэта Кучарына, 25 участак, прагаласавала толькі 3 чалавекі, 97 адсоткаў – прагаласавала не ў гэты дзень», – распавядае назіральнік у Шклове Пётр Мігурскі.

Зрэшты, сваю занепакоенасць занадта высокаю яўкай выказала Лідзія Ярмошына. Старшыня Цэнтрвыбаркаму кажа, што баіцца высокіх планак, маўляў, менавіта яны будуць служыць арыенцірам. Мясцовай уладзе, паводле спадарыні Ярмошынай, таксама будзе зусім нялёгка.

«На сяле – гэта жанчыны. Гэта будзе 70-80 адсоткаў жанчын, якія будуць потым працаваць. Мала таго, што яны ў школе дзяцей вучаць, кароў дояць, мужа дома ў руках трымаюць, дык яны яшчэ і будуць вырашаць грамадскія пытанні», – заявіла Лідзія Ярмошына.

Падаецца, што дзейнасць Цэнтрвыбаркаму, як і стыль выказванняў ды асабістай культуры, каментароў не патрабуе. Як дарэчы і рэакцыя меркаваных абласных чыноўнікаў на перамогу незалежнай кандыдаткі Розы Стрэльчанка на выбарах у Капліцкі сельсавет.

Званок нібыта з Гомельскага аблвыканкаму:

– Гэта Вас з аблвыканкама турбуюць, Гомельскага.

– Слухаю Вас уважліва.

– Мы хочам Вас павіншаваць з перамогай на выбарах… Але ўлічыце, нават не гледзячы на тое, што Вы – дэпутат… Вы зараз у псіхушцы, будзеце ляжаць, Роза Віктараўна! Вам зразумела?

Што ж, калі старшыня Цэнтрвыбаркаму можа сабе дазволіць выказванні пра боршч і дойку кароў, то што казаць пра службоўцаў рангам ніжэй?

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»