Аб'ектыў 19.11.2018 Вяскоўцаў прымушаюць ставіць платы для Лукашэнкі


https://youtu.be/TKarBqPcHvs

Чыноўнікі ў вёсцы Шылавічы Слонімскага раёну знеслі старыя платы на ўчастках жыхароў, ды прымушаюць паставіць новыя… за кошт саміх жа гаспадароў.

Ад плота засталіся толькі аскепкі. Без папярэджання па ўсёй вёсцы праехаліся незнаёмыя, развалілі платы. Бетонныя пліты загрузілі ў грузавікі ды звезлі. Усё гэта рабілася на загад мясцовых уладаў. Цяпер жыхароў абавязваюць да 1-га траўня захаваныя часткі пафарбаваць, на месцы знесенага паставіць новы плот за свой кошт.

«Яны лічаць нас за дурняў. Народ хто такія? Дурні! Вось ледзь вылез старшыня сельсавету, ён сябе лічыць ужо ўсё, ужо цар. Яму задаюць пытанне, а ён адказвае, як Лукашэнка: «Ніхто не адмяняў 1 траўня, да 1 траўня платы мусяць быць пабудаваныя». Хто ты такі?» – абураецца Леанід Жылінскі, мясцовы жыхар.

Прадстаўнікі сельсавету, якія прымушалі людзей падпісаць абавязанні наконт платоў, распавялі аб прычынах такіх паводзінаў.

«Калі распісваліся мы, яна кажа: «Дзень пісьменнасці, а на наступны год нашай Жыровіцкай абіцелі 500 гадоў, круглая дата, і вось яны баяцца, што будзе Лукашэнка адтуль ехаць, і вось туды», – кажа Леанід Жылінскі.

Бетонны плот у вёсцы быў пастаўлены гадоў 10 таму за бюджэтныя сродкі, але вельмі няякасна. Цяпер ён развальваецца. Знесеныя найгоршыя ўчасткі. Частка людзей новыя платы ўжо паставіла, але большасці – няма за што, бо гэта ці пенсіянеры, ці людзі, якія не могуць знайсці працу.

«Дзе людзі могуць гэта паставіць за свой кошт гэты плот? Як ім самім трэба на хлеб пакідаць. А не! Яны далі задачу гэта паставіць! Хто на гэта пагодзіцца, пенсіянеры?» – распавядае Ірына Салевіч, мясцовая жыхарка.

Чыноўнікі кажуць жыхарам, што ўчасткі маюць быць агароджаныя згодна з архітэктурна-будаўнічымі нормамі. Тых, хто гэтага не зробіць, прыцягнуць да адказнасці. Але насамрэч такіх нормаў ніхто і не бачыў.

Вольга Чайчыц, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары