Вялікі мітынг-канцэрт за перамены


Да самага масавага мітынгу ў падтрымку Святланы Ціхноўскай у сталічным парку Дружбы народаў рыхтаваўся не толькі штаб кандыдаткі на прэзідэнцтва, але і менская міліцыя. Яшчэ з раніцы тут пачалі ўсталёўваць металічныя турнікеты, прысутных здымалі на відэакамеры, а да плошчы Бангалор сцягнулі аўтазакі.

«Гэта натхняе – што людзі, нягледзячы на тое, што палохаюць рознымі гісторыямі, збіраюцца. І тое, што сёння тут стаяць турнікеты, я лічу, што гэта, у прынцыпе, добра», – кажа Павел Белавус, адзін з каардынатараў мітынгу.

Як і падчас папярэдняй сустрэчы з Святланай Ціханоўскай у парку Дружбы народаў 19 ліпеня, у месцы правядзення мітынгу назіраліся праблемы з інтэрнэтам і мабільнай сувяззю. І гэта – нягледзячы на заявы кампаніі А1 аб тым, што дзеля паляпшэння якасці сувязі аператар павялічыў ёмістасць 3G-сеткі ў пяць разоў. Мы ж запыталіся ва ўдзельнікаў сустрэчы з Ціханоўскай: чаго яны чакаюць ад выбараў? Вось што адказалі наведнікі мітынгу:

«Стаміўся трываць гэтае хамства. Гэтыя здзекі з людзей. Чалавек сядзіць, адарваны ад рэальнасці, – ён не ведае, колькі зарабляюць людзі…»

«Сёння нельга не паказаць, што мы супраць рэпрэсіяў, якія зазнаюць палітзняволеныя».

«Я скажу толькі адно – Карфаген мусіць быць разбураны».

«Хочацца пераменаў. Я не бачыла іншага прэзідэнта за ўсё сваё жыццё. І хочацца чагосьці новага. Як кажуць нашыя бабулі і дзядулі, – горш ужо не будзе, а лепш цалкам можа быць».

Перад сустрэчаю кандыдатка на прэзідэнцтва выступіла з відэазваротам, у якім заклікала Аляксандра Лукашэнку ўзяць удзел у дэбатах у жывым эфіры на плошчы Бангалор – адзін на адзін, перад беларускім народам.

«Дэбаты, якія вы прапаноўваеце нам, – гэта фарс. Дэбаты, якія вы прапаноўваеце нам, – гэта пустое марнаванне часу беларусаў, якія будуць іх глядзець. Дэбаты, якія вы прапаноўваеце нам, – гэта такая ж падробка, як і вашыя выбары», – лічыць Святлана Ціханоўская, кандыдатка на прэзідэнцтва.

Кіраўнік краіны, праўда, запрашэнне праігнараваў.

Віталь Бабін, «Белсат»