Вялікдзень сёлета праходзіць у надзвычайным рэжыме

Вялікдзень – свята, якое заўжды збірала натоўпы вернікаў, сёлета праходзіць у каталікоў у надзвычайным рэжыме. Мітрапаліт Менскі і Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч загадзя заклікаў паству застацца ўдома, а неабходныя малітвы і абрады даверыў выканаць старэйшынам сям’і. Тым не менш, урачыстасці ў катэдры ды іншых касцёлах адбыліся.

Тадэвуш Кандрусевіч, арцыбіскуп:

«Мы таксама павінны супрацоўнічаць з Богам, а гэта азначае, што мы мусім выконваць усе распараджэнні медычных службаў, санітарных службаў, службаў грамадскага парадку, каб паводзіць сябе дысцыплінавана».

Святочныя звароты гарадзенскіх біскупаў датычылі перадусім пошукаў надзеі. Шукаць апірышча ў радзіме, у блізкіх і ў новым дні заклікаў біскуп Гарадзенскай каталіцкай дыяцэзіі Аляксандр Кашкевіч:

«Ніхто з нас у Попельную сераду не мог прадбачыць такіх вось падзеяў – што ўвесь свет павінен будзе спыніцца, а мары аб канцы пандэміі злучаць усіх людзей».

Вялікдзень і Вербніца: як адзначылі святы вернікі ў Менску. Фотарэпартаж

Павіншаваў землякоў і біскуп Гарадзенскай каталіцкай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі:

«Няхай святло яго з мёртвых паўстання асвеціць нашую малую радзіму. Няхай настане для нас новы дзень ад Бога».

Малалюдна, урачыста, ціха – гэтак праходзіла начное набажэнства ў Бабруйску.

Вернікі дзяліліся эмоцыямі:

«Ёсць хваляванні, ёсць…»

«Ну, у межах разумнага стараемся берагчыся, але найважнейшая для мяне і так Божая абарона».

Нягледзячы на апошнія падзеі, каталікі Віцебску сабраліся, каб падзяліцца добрым настроем і спадзевам на хуткае паляпшэнне сітуацыі:

«Бо Вялікдзень – гэта радасць. Гэта свята радасці, таксама, як Божае нараджэнне – свята казкі. Сёння мы хочам дзяліцца радасцю».

«Гэта свята сямʼі, нашая традыцыя».

Папа Францішак заклікаў увесь свет аб’яднацца ў супрацьстаянні пандэміі

Сталічныя вернікі сабраліся таксама ў невялікай колькасці:

«Не прыходзіць павінны перадусім старэйшыя людзі, гэта яны найбольш падуладныя гэтай хваробе».

«Гэта дае нам надзею, надзею на тое, што ўсё будзе добра, а гэта вельмі важна ў гэты час».

«Як вам сказаць, ну, патрэба такая. Хацелася паспавядацца».

«Мы цяпер абмежавалі кантакты са сваімі блізкімі людзьмі, з бацькамі, адправілі іх на дачу, таму самі сёння тут і вельмі радыя. Але трывога ёсць.»

«Надзея на аднаўленне свету, жыцця. Толькі так. А як інакш?»

Вялікдзень – свята надзеі на аднаўленне, на жыццё, якое перамагае любою нядолю – абʼядноўвае сёлета вернікаў у велікодныя святы, кажа Аляксандр Кашкевіч, біскуп Гарадзенскай каталіцкай дыяцэзіі:

«Няма такога Вялікага Посту, пасля якога не прыйшоў бы Вялікдзень, і такіх песняў жальбы, пасля якіх не спявалася б Алілуя.»

Вольга Гардзейчык, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама