Сотні людзей наведалі начныя велікодныя службы ды ўзялі ўдзел у традыцыйным хросным ходзе апоўначы. У Свята-Елісавецінскім манастыры поўна людзей.
І гэта пры тым, што вялася онлайн-трансляцыя службы. Таксама манашкі ўпершыню, праз эпідэмію каронавіруса, арганізавалі дастаўку асвечаных булак на дом.
У іншых сталічных цэрквах гэтак жа праходзілі службы. А таксама асвячэнне яек, пасак і велікоднай ежы.
Боская літургія працягнулася традыцыйна раніцой.
У галоўным саборы краіны паменела наведнікаў на свята – прынамсі ўдвая ў параўнанні з мінулым годам.
Шмат якія вернікі прыйшлі сюды толькі асвяціць яйкі ды велікодныя булкі, і ўсярэдзіну не заходзяць.
Вернікі Менску:
«Мы па просьбе Паўла засталіся дома і ўсю службу правялі разам з ім ля тэлевізара, выконваючы ўсе каноны і правілы гэтага велікоднага богаслужэння».
«На службу я ўжо пайду праз тыдзень, таму што прасілі, калі ўжо можна будзе і калі гэта чортава зараза не пройдзе».
«Трэба толькі выконваць тое, чаго ад нас патрабуюць. Не стасавацца, не хадзіць па гасцёх».
Прадстаўнікі Беларускай праваслаўнай царквы заклікалі наведнікаў надзяваць маскі і пальчаткі, а таксама апрацоўваць рукі антысептыкам і захоўваць дыстанцыю. Дзеля гэтага на падлозе кафедральнага сабору адмысловыя абазначэнні. Таксама ў саборы прымаюць і іншыя захады бяспекі.
«Мы сёння, нават калі прычашчалі людзей, мы дэзынфікуем лыжку, з якой людзі прымаюць святыя дары, таксама ў нас выкарыстоўваецца аднаразовы посуд, ёсць антысептыкі, усе захады, якія прадпісаныя
Мінздароўя, мы абавязкова выконваем», – кажа Іаан Парфёнаў святар Кафедральнага сабору.
Напярэдадні мітрапаліт Павел заклікаў застацца дома і назіраць за службай у онлайн-рэжыме. Але паслухаліся не ўсе.
Наведнікі Кафедральнага сабору:
«На ўсё воля Боская»
«Нястрашна, ёсць маска і людзей няшмат»
«Можа я проста не вельмі веру ў гэты вірус, таму так стаўлюся да гэтага ўсяго».
Вялікдзень – галоўнае хрысціянскае свята. У гэты дзень узгадваюць уваскрашэнне з мёртвых Ісуса Хрыста на трэці дзень пасля ягонага ўкрыжавання.
«Сёння дзень трыумфу жыцця над смерцю. Таму што які б ні быў вынік нашага жыцця, мы ўсе абавязкова ўваскрэснем напрыканцы часоў. Як бы ні было цяжка, няхай велікодная радасць прыбывае з усімі нашымі жыхарамі», – кажа Іаан Парфёнаў святар Кафедральнага сабору.
Наста Кахановіч, «Белсат»
Фота вокладкі: Natalia Fedosenko / TASS / Forum