Вулічныя элементы пасля рамонту паржавелі


Вуліцу Камсамольскую адкрылі пасля рэстаўрацыі ўсяго паўгода таму. Але яна ўжо заржавела. Усе металічныя элементы зазналі карозію.

Сярод апытаных намі мінакоў хтосьці гэтага не заўважае, іншыя лічаць, што «гэтак і трэба».

«Затое як быццам з гісторыяй. Быццам не ўчора з’явілася, а даўно. І турысту прыемней».

«Рабілі, відаць, на хуткасць, каб хутчэй здаць аб’ект, і так атрымалася. Проста прыйдзецца перарабляць нанова, ці не звяртаць увагі».

«Як многае, што ў нас адбываецца, робяць, а праз паўгода глядзіш, і не дужа прыемна яно выглядае».

«Ну мы ж у Беларусі жывем. Пяць іржавых ланцугоў з пяці».

Агулам, у рэканструкцыю сталічнай Камсамольскай і суседняй Рэвалюцыйнай гарадскія ўлады ўклалі не менш за 1 мільён 100 тысяч долараў.

«Люкі першапачаткова былі проста не пафарбаваныя, калі прайсці па вуліцы, яны іржавыя, гэта адбылося не з-за таго, што зіма была, а проста, калі здалі вуліцу, яны прывезлі большасць люкаў непафарбаванымі з заводу. Гэта новыя люкі аднаго з беларускіх заводаў», кажа Віктар Бакун, грамадскі актывіст, жыхар вул. Камсамольскай.

Праект выклікаў шмат крытыкі сярод актывістаў і жыхароў гораду, але іхнага меркавання не ўлічвалі.

«У цэлым нашае грамадства не прывучанае здзельнічаць у працэсах, яны самі па сабе праходзяць дзесьці рандомна, сярод тых, хто хацеў зарабіць. І хто быў звязаны з тым, што закупіць».

«Будаўнікі безадказныя. Калі элементарная іржа, яе трэба прыбіраць, а потым фарбаваць. Ну а калі, цяп-ляп, на свята гораду – малайцы, паспелі».

Цяпер паспелі прыбраць самыя ржавыя металічныя элементы.

Раней тут віселі ланцугі. Але пасля таго, як яны саржавелі, менчукі сталі актыўна выстаўляць фотаздымкі ў сацыяльныя сеткі. І іх знялі.

У «Менскай спадчыне», якая займалася рэканструкцыяй вуліцы, кажуць, што прычынай карозіі стала ўздзеянне супрацьгалалёдных рэагентаў. А пашкоджаныя элементы – гарантыйныя. Абяцаюць, што ў спрыяльнае надвор’е пастаўнікі ўсё пафарбуюць ды выкарыстаюць адмысловае пакрыццё, каб не дапусціць іржы.

«Калі саржавела, трэба было аб гэтым думаць».

«Гэтага трэба было чакаць. Дзіўна было б здзіўляцца, калі б жалеза не заіржавела з нашым кліматам. Можа, гэта была задума такая, я не ведаю, спытайце ў дызайнера. Сумнавата крыху».

Першапачаткова спецпакрыццё не было закладзенае ў праект. Ва ўмовах тэндару агаворвалася толькі афарбоўванне ўсіх чыгунных і стальных паверхняў алкіднай эмаллю. І сапраўды, снежная зіма ды галалёд у Беларусі – рэдкасць, а выкарыстанне рэагентаў – рэч нечуваная.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел,«Белсат»