«Возера радасці» Аляксея Палуяна выйшла ў айчынны пракат


Высокая адзнака спачатку кнігі, а пасля і фільму. Стужка Аляксея Палуяна, знятая па рамане аднаго з найпапулярнейшых сучасных белаурскіх пісьменнікаў – Віктара Марціновіча, атрымала цэлы шэраг узнагародаў на еўрапейскіх кінафестывалях. І нарэшце – з’явілася ў айчынным пракаце.

Дарога, якая мяняе свет дзевяцігадовай Ясі: пасля смерці маці бацька аддае сваю дачку ў інтэрнат.

Паўгадзінны фільм «Возера радасці» зняты паводле раману Віктара Марціновіча, дакладней – паводле адной сцэны. Але найперш рэжысёр Аляксей Палуян хацеў распавесці ўласную сямейную гісторыю. У інтэрнаце вырас ягоны бацька, і рэжысёр імкнуўся зразумець: чаму людзі пакідаюць сваіх дзяцей?

Пытанне без адказу – балючае ўва ўсім свеце. Магчыма, таму стужку заўважылі на шмат якіх фестывалях – у Іспаніі, Грэцыі, Нямеччыне, а сусветная прэм’ера адбылася на самым прэстыжным форуме кароткаметражнага кіно, у французскім Клермон-Фэране.

На радзіме «Возера радасці» таксама сустрэлі з цікавасцю. Прэм’ера ў кінатэатры «Масква» сабрала поўную залу на 700 месцаў.

У пошуках Ясі рэжысёр аб’ездзіў шмат інтэрнатаў і нарэшце знайшоў сваю гераіню ў магілёўскай SOS-вёсцы, дзе дзяцей выхоўваюць прыёмныя мамы. Насту Пляц у тры гады разам з братам пакінулі ля дзвярэй інтэрнату. За ролю Ясі дзяўчынку ўжо назвалі найлепшай акторкаю на фестывалі ў Іспаніі.

«Калі я яе пабачыў, я зразумеў адразу, што гэта Яся. Вочы, тое, як яна глядзела на мяне – гэта вочы дарослай жанчыны, дзевяцігадовай. Гэты позірк, гэтая глыбіня, я адчуў, што на той момант у яе жыццёвы досвед, можа, такі, як у мяне. Я зразумеў, што яна будзе пражываць гэтую ролю», – распавядае рэжысёр Аляксей Палуян.

«Гераіня падобная да мяне, яна моцная і смелая», – кажа акторка Наста Пляц.

Маленькія акторы граюць разам з такімі зоркамі, як Ігар Сігаў, Святлана Анікей, Дзяніс Тарасенка. Над стужкаю працавала міжнародная каманда з Украіны, Грузіі, Шатландыі, Ірану, дый сам рэжысёр родам з Баранавічаў жыве ў Нямеччыне. Фільм насычаны глыбокімі колерамі, атмасферу ствараюць маляўнічыя вёскі Ляхаўшчыны, дзе час нібы спыніўся:

«Тое, што фільм зроблены па такіх галівудскіх лекалах, адначасова і моцны, і слабы бок. Моцны, бо гэта тое, чаго шмат хто чакае, а слабы – бо гэта ўсё-такі не пошук нейкай арыгінальнай кінамовы», – адзначае кінакрытык Максім Карпіцкі.

«Вельмі цікава было пабачыць на экране тую гісторыю, якую некалі чытаў, яна, канечне, не такая, як у Марціновіча. Але гэта нешта такое аўтарскае, эмацыйнае, яно ўражвае».

«Вельмі прыемна, што нашае беларускае кіно бярэ ўзнагароды на сусветных фестывалях».

«Тэма вельмі хвалюе насамрэч, таму кіно кранае».

«Хочацца спадзявацца, што ўсё наладзіцца ў жыцці гэтых хлопчыкаў і гэтых дзяўчатак», – кажуць гледачы.

Фільм ідзе ў сталічных кінатэатрах да 17-га лістапада, паказы адбудуцца таксама ў Берасці, Магілёве, Баранавічах і Ляхавічах. Частка сродкаў з пракату пойдзе на праект «Настаўніцтва для дзяцей-сіротаў».

Аляксандра Дорская belsat.eu