Вольныя Купалаўцы аднаўляюць пастаноўкі


Адноўленымі «Тутэйшымі» ў інсцэнізацыі Мікалая Пінігіна Купалаўскі тэатр сёлета меўся адзначыць стогадовы юбілей. Але пасля таго, як амаль увесь калектыў вымушаны быў звольніцца праз сваю грамадзянскую пазіцыю, рэпетыцыі працягнуліся на незалежных пляцоўках. Таму сёння мы глядзім «Тутэйшых» у выкананні Вольных Купалаўцаў – гэтак цяпер называе сябе калектыў.

П’еса Янкі Купалы пра жыццё беларусаў паміж Усходам і Захадам сёння выглядае як ніколі сімвалічна. Упершыню «Тутэйшых» паставілі ў 1926 годзе, і ў той жа дзень забаранілі. У 90-я Мікалай Пінігін вярнуў твор на сцэну – спектакль стаў культавым, але пасля яго зноў неаднойчы прыбіралі з рэпертуару. У адноўленым спектаклі рэжысёр пакінуў тэкст Купалы амаль без зменаў, дадаўшы толькі намёкі на сучасныя падзеі.

«Я наўмысна не рабіў сучасным спектакль, таму што там і так сам тэкст Купалы на ўсё працуе. І мы яшчэ пабачым, як з’явяцца ў найноўшым часе Мікіты Зносакі, мы гэта пабачым яшчэ», – кажа Мікалай Пінігін, рэжысёр.

Прагон адбываецца без грандыёзных дэкарацыяў і строяў, якія засталіся ў будынку тэатру, але з усё той жа купалаўскай атмасферай. Акторы прызнаюцца, што цяпер пражываюць ролі з асабліваю вастрынёй.

«Мы аб’ядналіся вакол «Тутэйшых», рэпетавалі дзе як: па розных кутках, па садах, па агародах, як кажуць», – распавядае Павел Харланчук, актор.

«Мы, купалаўцы, якія пайшлі са свайго дому, са свайго будынку, мы любім адно аднога і падтрымліваем адно аднога. Так было заўсёды, але цяпер гэта неяк яшчэ больш тонка», – кажа Алена Сідарава, акторка.

Напрыканцы на экране ўзнікаюць кадры спектаклю з 90-х, калі пад Купалаву «Малітву» на сцэне ўздымалі бел-чырвона-белы сцяг. «А які фінал будзе ў нас?» – рытарычным пытаннем канчаецца сучасная пастаноўка. Замест паклону акторы становяцца ў счэпку на фоне перакрэсленага тэатру. Стрымаць слёзы немагчыма, і, як 30 гадоў таму, гледачы выгукаюць: «Жыве Беларусь».

Ці змогуць купалаўцы сыграць «Тутэйшых» для шырокай публікі, пакуль невядома. Днямі яны апублікуюць запіс спектаклю ў сацсетках.

Аляксандра Дорская, «Белсат»