Вобшукі, содні ды штрафы – ціск на журналістаў расце


АМАП прыехаў у рэдакцыю «Народнай волі» і выняў увесь сённяшні тыраж газеты.

«Прыехалі некалькі чалавек у цывільным, пахадзілі, паглядзелі, як дзядулі бяруць газеты, папрасілі прыпыніць усё гэта. Я сказала: «Не, у вас няма падставаў, пакажыце дакументы, на якіх падставах вы прыехалі і пагражаеце забраць увесь тыраж». У выніку яны пасля доўгіх перамоў, відаць, з кіраўніцтвам па тэлефоне выклікалі АМАП», – успамінае Наста Шаркевіч, менеджарка ў пытаннях рэкламы ў «Народнай волі».

Затрымалі і кіроўцу, які прывёз асобнікі. Цяпер машына і наклад газеты – 25 тысяч экзэмпляраў – у Ленінскім РУУС, будуць праводзіць праверку ў межах Крымінальна-працэсуальнага кодэксу. Прычынаў рэдакцыі дагэтуль не паведамілі.

«Ніякіх перадпасылак не было, раней пагрозаў не паступала», – лічыць Наста.

Органы сёння завіталі і да журналісткі з Бярозы Тамары Шчапёткінай, у якой правялі вобшук. Двойчы ў дачыненні Тамары заводзілі крымінальныя справы – за паклёп і за знявагу. Двойчы і спынялі. Прычынаў сённяшняга ператрусу журналістцы не растлумачылі.

«Была забраная нават тэхніка, якая не мае дачынення, былі канфіскаваныя яе блакноты і працоўныя запісы як журналісткі. Гэта сведчыць пра тое, што тыя крымінальныя справы, якія раней былі ўзбуджаныя, – гэта проста нагода для таго, каб збавіць актыўнасць Тамары Шчапёткінай у гэтым рэгіёне», – кажа праваабаронца ПЦ «Вясна» Сяргей Сыс.

15 содняў за ўдзел у пратэсце далі фатографцы Кацярыне Мядзведзевай, якую затрымалі ўчора падчас працы на Маршы людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Ад панядзелка ўжо васьмярых журналістаў адправілі адбываць арышт.

«Такой сукупнасці ціску, такой сукупнасці рэпрэсіяў, розных формаў – тое, што зараз адбываецца, ніколі не рэгістравалася. У нас былі сотні затрыманых у 2010–2011 годзе. Але на сёння ў нас ужо больш за 400 выпадкаў розных фактаў рэпрэсіяў, і ўсё гэта менш чым за тры месяцы», – абураецца намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

Не знаходзіць падтрымання ціск на незалежныя СМІ і ў бальшыні апытаных намі віцяблянаў.

«Ты ж можаш ацаніць інфармацыю адэкватна толькі з розных бакоў. Павінныя быць альтэрнатыўныя крыніцы».

«Выбар ёсць заўсёды. Залежыць ад таго, што ты хочаш чытаць, таму, на мой погляд, які б ні быў ціск, заўсёды наш чалавек знойдзе праўду, якая ёсць».

«Інфармацыі, якую я атрымліваю, мне дастаткова з тых крыніцаў, якія мне дасяжныя. Дзякуй, да пабачэння».

«Няхай бы былі незалежныя. Яны крытыку, мабыць, нейкую робяць. Мабыць, іншым разам і правільна, што крытыку робяць».

На сёння за кратамі застаюцца 17 журналістаў. За тры месяцы пратэстаў нашых калегаў затрымлівалі 337 разоў. 64 разы пакаралі арыштам ад трох да 30 содняў.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»