Аб'ектыў 19.10.2019 Віталь Макаранка з партыі БНФ: Лукашэнка набірае чыноўнікаў «з кампраматам»


Хто жыве на беларускай зямлі? Вядома, беларусы – простыя людзі і людзі са знакам якасці – дзяржаўныя чыноўнікі.

«Упраўленец – гэта нашмат больш, гэта нашмат вышэй і гэта нашмат больш якасны чалавек» – лічыць Аляксандр Лукашэнка

Пра гэтых «якасных людзей» мы запыталіся ў жыхароў Магілёва: каго з дзейных дзяржаўных чыноўнікаў яны лічаць кампетэнтным, прафесійным?

«Ух ты якое пытанне цікавае! Каб я іх яшчэ ведаў. У Беларусі?».

«Я нават не ведаю».

«Я такіх не ведаю».

«Я нават не магу вам сказаць».

«Я нікога не ведаю і не ведаю, што яны робяць на сваіх месцах».

«Усё залежыць, ад узроўню жыцця: чым лепш мы жывем, значыць, тым лепш яны працуюць, а мы лепш не становімся жыць».

Амаль чвэрць стагоддзя кіроўныя кадры для краіны рыхтуе Акадэмія кіравання пры прэзідэнце. Будучыя ўпраўленцы пацікавіліся ў кіраўніка краіны, як праходзяць дні кадравых прызначэнняў: «Раскрыйце сакрэт, што адбываецца, калі выключаюцца камеры? Якія словы блаславення вы кажаце кандыдатам на кіроўныя пасады?»

Лукашэнка распавёў, што з кандыдатамі праводзяць сумоўе, добра вывучаюць іх і іхныя сем‘і, і толькі пасля гэтага подпіс кіраўніка краіны фіналізуе прызначэнне.

«Крытэр заўсёды адзін – асабістая лаяльнасць. Астатняе, у тым ліку і прафесіяналізм адыходзяць на другі план», – лічыць палітолаг Сяргей Нікалюк.

Правераных і лаяльных у кадравым рэестры, паводле Лукашэнкі, 850 чалавек, якія «маюць пэўныя паўнамоцтвы і абарону прэзідэнта – імунітэт: сачыць за імі, тым больш затрымліваць, арыштоўваць, саджаць, караць – гэта такое вялікае падспор‘е, каб яны маглі самастойна дзейнічаць».

У тым што чыноўнікі – фігуры самастойныя, сумняваюцца і эксперты, і апаненты ўладаў.

Сяргей Нікалюк, палітолаг: «Калі нават прызначаць чыноўніка звышкампетэнтнага, то ён усё роўна мусіць выконваць каманды, якія ідуць зверху, магчымасці ўнясення асабістай ініцыятывы істотна абмежаваныя».

Віталь Макаранка, партыя БНФ: «Збольшага бяруць людзей з кампраматам, бо на іх вельмі лёгка націснуць у патрэбны момант, імі вельмі лёгка кіраваць».

Лёгка і вылецець з запаветнага прэзідэнцкага рэестру, распавёў нам былы начальнік галоўнага дзяржаўнага прававога ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Пласкавіцкі: «Калі яму ўздумаецца, па першым капрызе вылятаюць адтуль усе, хто заўгодна: ён можа зняць прэм‘ера за хлусню, можа зняць старшыню палаты Прадстаўнікоў, бо той яму перастаў быць сябрам і г. д».

Можа, дзеля таго, каб не вылецець, армія дзяржслужбоўцаў аддана служыць кіраўніку краіны, а не народу.

Вольга Старасціна, «Аб’ектыў»

Глядзі таксама
Каментары