Вінаватыя ўсе… акрамя вінаватых


Быў бы чалавек, а артыкул знойдзецца. Віна адных у тым, што ішлі па сваім горадзе, іншых – у тым, што ехалі аўтам. Гэтак, жыхар Наваградку, рамеснік Дзяніс Кірэшчанка на просьбу жонкі падвёз мужчыну, якога тая бачыла на сустрэчы з даверанай асобаю Ціханоўскай. Цяпер Кірэшчанку пагражае крымінальная справа, хоць і затрымалі яго яшчэ перад выбарамі.

«Муж падвёз гэтага чалавека. Мы ведалі, што яго клічуць Уладзімір. Гэты чалавек пакінуў у нас у аўце нататнік. Той папрасіў, і на наступны дзень муж мусіў адвезці нататнік», – кажа ягоная жонка Вераніка.

Ужо праз некалькі содняў уначы ў іхны дом уварваліся сілавікі ў форме і ў цывільным, зладзілі вобшук ды арыштавалі Дзяніса на вачах у жонкі і няпоўнагадовых дзяцей. Цяпер зняволенаму прапануюць прызнаць сваю віну:

«Калі Дзяніс згаджаецца з абвінавачаннем, то яго нібыта выпусцяць пад падпіску аб нявыездзе. Але Дзяніс напісаў, што не хоча браць на сябе таго, чаго не здзяйсняў».

Мужчыну пагражае да трох гадоў зняволення. Яго вінавацяць паводле трэцяй часткі 293 артыкулу – «Рыхтаванне асобаў для ўдзелу ў масавых закалотах».

А вось яшчэ адна, паводле ўладаў, небяспечная для грамадства асоба, арганізатарка пратэсту – 20-цігадовая Дарʼя Скараход. 11 жніўня яна і калегі ішлі па сталічнай вуліцы, калі пабачылі, што за імі едзе бус:

«Спалохаліся. Усе пабеглі пад мост направа, а я вырашыла, што нелагічна бегчы з натоўпам, і пабегла налева. Гэта, хутчэй за ўсё, і стала прычынаю майго затрымання і таго, што яны вырашылі, што я – арганізатар, бо вырашылі, што я разумная і мне ёсць што хаваць, калі я бягу не з усімі».

Дарʼю затрымалі, а ў ейным тэлефоне знайшлі чарговыя доказы:

«Відэа, дзе пад песню Цоя «Вецер пераменаў» танчыць мой сабака, і сказалі, што мяне бяруць у любым выпадку».

А далей – аўтазак, Акрэсціна, тры дні без ежы, здзекі, запалохванні і збіццё. Дзяўчат білі наглядчыцы, а хлопцаў – усе і ўсім.

«Хлопцаў вывелі ў двор і збівалі палкамі, нагамі, усім, што траплялася пад рукі. Усю ноч мы чулі стогны, крыкі… На досвітку гэтыя ж хлопцы пачалі спяваць гімн, пазней мы даведаліся, што яны стаялі на каленях за тое, што ты не ведаў словаў. Збівалі яшчэ мацней. А другі куплет амаль ніхто не ведаў, таму ў пэўны момант гімн перайшоў у крыкі, выццё і плач», – узгадвае Дар’я Скараход.

А тым часам на вуліцах сілавікі ўжывалі спецсродкі не толькі супраць дэманстрантаў, але і звычайных мінакоў. Былы працаўнік Менскай гарадской пракуратуры Уладзімір Іваноў звярнуўся ў Генпракуратуру з патрабаваннем расследаваць факты злоўжывання зброяй:

«Тое, што сродкі ўжываліся і 9, і 10, і 11-га, кажа пра тое, што гэта былі ўказанні кіраўніцтва. Калі б не ўказанні кіраўніцтва, то АМАП ужо б 10-га спыніў ужыванне гранатаў, куляў, перастаў бы страляць, аднак гэта працягвалася. Фактычна ўлады правакавалі масавыя закалоты».

Мінуў тыдзень, а адказу Генпракуратура ўсцяж не дала.

Вольга Старасціна, «Белсат»