Відавочца смерці Шутава – абвінавачаны ў замаху на забойства


Скончылася следства ў справе Аляксандра Кардзюкова, сябра Генадзя Шутава, якога ў Берасці паранілі стрэлам у патыліцу. Шутаў памёр 19 жніўня. Яшчэ да смерці мужчыны следчыя распачалі крымінальную справу ў дачыненні параненага за супраціў міліцыянтам. Цяпер у відавочцы Аляксандра Кардзюкова, якому таксама закідаюць супраціў міліцыі, новае абвінавачванне: замах на забойства.

«Фактычна Генадзя Шутава і Аляксандра Кардзюкова адразу зрабілі абвінавачанымі па справе, каб, як я разумею, апраўдаць свае дзеянні. Супрацоўнікі міліцыі абвінавацілі гэтых мужчынаў у тым, што яны нібы на іх напалі», – лічыць праваабаронца Раман Кісляк.

У Лідзе пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць актывіста Вітольда Ашурка з Бярозаўкі за ўдзел у пратэсце і ґвалт міліцыянту. Без тлумачэння суддзя Максім Філатаў зрабіў суд закрытым. Вітольду пагражае 6 гадоў пазбаўлення волі.

Таксама першае паседжанне сёння адбылося ў Вялейцы за знявагу міліцыянта. Паводле «СТВ», мужчына размясціў абразлівы каментар пад фотаздымкам супрацоўніка міліцыі.

У Жлобіне распачаўся крымінальны працэс у дачыненні працаўнікоў Беларускага металургічнага заводу. Яўген Говар, Аляксандр Баброў і Ігар Повараў 17 жніўня перакрылі дарогу для перавозу сыравіны. Тады на пратэст сабраліся каля трохсот чалавек.

«Усіх караюць ні за што. Усе сядзяць ні за што. Улада зменіцца – і тады ўсё будзе нармальна», – абураецца бацька Ігара Ігар Повараў.

Ігар ужо месяц застаецца пад вартай. Суддзя Яўген Ярафеяў адхіліў хадайніцтва аб хатнім арышце. Ігар сваёй віны не прызнаў. Яўген Говар і Аляксандр Баброў прызналі.

«Па 342-м артыкуле Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь справы збольшага ў Беларусі палітычна матываваныя. І мы добра разумеем, на што яны накіраваныя. На тое, каб запалохаць людзей», – лічыць праваабаронца Алена Маслюкова.

Сёння разглядалі пяць адміністратыўных справаў за ўдзел у тых жа падзеях. Тры рабочыя атрымалі штрафы, двое – пяцідзённы арышт. Аляксея Арыстовіча аштрафавалі, але на суд мужчына прыйшоў падрыхтаваны да зняволення.

«Я віны сваёй не прызнаў. Збірацца – збіраліся, але чаму ў нашай краіне нельга папросту збірацца?», – абураецца аштрафаваны Аляксей Арыстовіч.

Ціск зазнае і сям’я Пушкаровых з Быхава. Дасылалі позвы за ўдзел у акцыях, але да адказнасці так і не прыцягнулі. Таксама накіроўвалі праверку ад інспекцыі непаўналетніх, каб спраўдзіць, ці была на пратэстах двухгадовая дачка.

«Пераследуюць за маю грамадзянскую пазіцыю. Пераследуюць не толькі мяне. Мужу паступалі з боку кіраўніцтва не столькі пагрозы, колькі намёк: «Вось мне зараз патэлефануюць і скажуць, што цябе трэба звольніць. І я буду вымушаны цябе звольніць», – распавядае Вольга Пушкарова.

Сёння за экстрэмізм і распаўсюд нацысцкай сімволікі Вольга атрымала 405 рублёў штрафу. Жанчына перадрукавала дзве навіны з тэлеграм-каналу «NEXTA LIVE» у «Быхаў Live» – пра забарону вяртання Кандрусевіча і адток валютных укладаў з банкаў. Адзін з іх быў апублікаваны да прызнання каналу экстрэмісцкім. А таксама зрабіла рэпост партрэту Лукашэнкі са свастыкаю.

«Там выказванне Лукашэнкі 1995 года, што не ўсё было так дрэнна пры Адольфе Гітлеры ў Нямеччыне, і свастыка. Там відавочная крытыка фашызму. Гэта паказвае абсурднасць. Па такой логіцы трэба прыцягваць да адказнасці за паказ фільмаў пра вайну», – растлумачвае праваабаронца ПЦ «Вясна» Барыс Бухель.

У Менску сёння – ужо традыцыйна пасля нядзельных маршаў – судовыя паседжанні ў адміністратыўных справах. Гэтак, учора затрымалі Аляксея Адамовіча, калі мужчына вяртаўся з працы на ровары.

«Пакуль яго афармлялі, чакала і перадала яму цёплыя рэчы, таму што ён быў у велаформе, калі яго затрымалі. Вельмі важны момант, што Лёша ўва ўсіх дакументах быў без ровара. Ровар нідзе не фігураваў», – узгадвае жонка Аляксея Карына Маліноўская.

Аляксея арыштавалі на 10 дзён. Агулам сёння адбылося больш за 30 адміністратыўных паседжанняў. Вядома, што адзінаццаць чалавек пасадзілі на 161 содні.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»

Банер у падтрымку незалежных журналістаў