Сёння Міжнародны Дзень пажылых людзей. Яго мэта – прыцягнуць увагу да патрэбаў людзей сталага веку. Але ёсць тыя, хто сцвярджае, што на пенсіі жыццё толькі пачынаецца.
«Вучэбны карабель» – турыстычны праект для людзей усіх узростаў – распачынае грамадская арганізацыя «Падарожжа без межаў». Першы заплыў – па Менскім моры, першыя навучэнцы – менскія пенсіянеры.
«Рады, што першая швартоўка сёлета і «Белсату» магу сказаць па-беларуску: Дзякуй, што вы сёння з намі!» – кажа пенсіянер Сяргей Мялейка.
Сваймі курсантамі-пенсіянерамі застаўся задаволены і інструктар Дзмітрый Рабкоў:
«Людзі з нулявым вопытам паказалі сябе годна. У такім узросце людзі ўспрымаюць інфармацыю на раз-два. Гэта шыкоўна – мне не патрэбна двойчы паўтараць».
Грамадская арганізацыя плануе стварыць ветразевы рух, даступны сярод іншых і пенсіянерам.
«Мы звярнулі ўвагу менавіта на той узрост, які асабліва абдзелены ўвагай розных структур, як недзяржаўных, так і дзяржаўных, якія жывуць самі сабой», – распавядае Мікалай Пліска, кіраўнік рады ГА «Падарожжа без межаў».
«Падарожжа без межаў» марыць таксама арганізаваць першае беларускае ўсясветнае марское падарожжа. Заняткі ветразевым спортам, скандынаўская хада і нават палёты на дэльтаплане – гэтым сёння займаюцца людзі сталага веку, пацвярджаючы думку, што на пенсіі жыццё толькі пачынаецца.
Імкненне да актыўнага жыцця ў людзей сталага веку стараецца падтрымаць таксама Універсітэт трэцяга ўзросту ў Менску. Больш за 5 гадоў тут працуюць групы скандынаўскай хады, адна з іх – «Алімпійскі рэзерв».
«Скандынаўская хада – гэта ж знаходка для ўсіх: самая маластратная форма актыўнай дзейнасці. Апрануўся па надвор’ю, набыў палачкі і – наперад», – гаворыць інструктар, тэрапеўт Валянціна Карзунова.
Сёлета ўдзельнікі беларускага «Алімпійскага рэзерву» ўзялі ўдзел у Міжнародных спаборніцтвах у Фінляндыі і нават сталі прызёрамі.
«Узросту абсалютна не адчуваю. Узрост адчуваю, калі галюся – усё. А ў астатнім адчуваю сябе нармальным маладым мужыком», – сцвярджае пенсіянер Юрый Шапаваленка.
«У нас цудоўны заўсёды настрой і мы з задавальненнем ідзём на трэніроўку», – кажа пенсіянерка Людміла Карасіева.
Заняткі спортам, замежнымі мовамі ды валанцёрства – толькі частка кірункаў, якія прапаноўваюць людзям сталага веку адпаведныя грамадскія ўстановы. Але ў Беларусі іх пакуль адзінкі. Нізкія пенсіі, дарагія лекі ды кошт камунальных паслугаў – вось тыя перашкоды, якія стаяць на шляху актыўнага і пазітыўнага жыцця большасці беларускіх пенсіянераў.
Да таго ж, універсітэты Трэцяга ўзросту і Залатога Веку – недзяржаўныя арганізацыі, якія маюць патрэбу самаакупнасці. Заняткі тут каштуюць каля сотні рублёў, і грошы – не адзіная праблема.
«Калі параўноўваць з Польшчай, дзе такіх універсітэтаў больш за пяцьсот, то ў нас, можна сказаць, што гэтага руху амаль няма ці ён толькі нараджаецца», – тлумачыць заснавальнік Універсітэту Залатога Веку Вітаўт Руднік.
У Беларусі на сёння пенсійнага веку дасягнулі больш за 2,5 мільёны чалавек. Грамадскіх інстытутаў для людзей залатога веку ўсяго чатыры.
Галіна Абакунчык belsat.eu