«Вера ў сябе гэтай дзяўчынкі зрабіла цуд». Журналістка «Еўрарадыё» пра выхад Зены ў фінал Еўрабачання


З 41 краіны застанецца толькі 26 для фінальнай урачыстасці, і Беларусь – ужо адная з іх. Зена выйшла ў фінал «Еўрабачання». Усяго ў першым паўфінале змагаліся канкурсанты з 17 краінаў.

З песняй «Like It» («Падабаецца») Беларусь – у фінале «Еўрабачання-2019». Самая маладая ўдзельніца сёлетняга конкурсу шаснаццацігадовая Зена, ці Зінаіда Купрыяновіч, увайшла ў дзясятку пераможцаў першага паўфіналу.

Журналістка «Еўрарадыё» Марыя Калеснікава лічыць выступ Зены моцным і ўпэўненым:

«Ейны нумар проста быў моцны. Калі браць іншыя нумары – там, можа, былі больш модныя песні, бо да ейнае песні ўсё ж ёсць пытанні, гэта такое прывітанне з канца двухтысячных, але тут проста ёй усё спрыяла: нумар, танцы, энергетыка».

Спадабаўся выступ Зены і беларускім гледачам «Еўрабачання».

«Я лічу што яна па праву трапіла ў фінал, бо гэта адзін з лепшых выступаў ад Беларусі».

«Вельмі ўпэўнена, вельмі моцна, вельмі добрыя галасавыя дадзеныя, энергетыка, годна прадставіла, вельмі спадабаўся яе выступ», – кажуць жыхары Пінску.

Непасрэднасць і не самыя моцныя канкурэнты, а, галоўнае, вера ў сябе дапамаглі Зене перамагчы, на думку Марыі Калеснікавай:

«Менавіта вера ў сябе гэтай 16-гадовай дзяўчынкі зрабіла цуд. Мне падаецца, што менавіта яна сама дайшла да перамогі. Можа, у яе настолькі не верылі ні Дробыш, ні каманда БТ, што рыхтавалі яе, наколькі яна сама верыла».

Канкурэнтамі беларускай удзельніцы былі ўчора індастрыял і фолк, поп-опера і тэхна, палёт і эпатаж.

Ісландскі гурт «HATARI» мае фанаў з розных краінаў.

«Мы тут, каб падтрымаць Ісландыю. Ісландыя мае самую лепшую песню сёлета. Ніводзін з нас не з Ісландыі, але мы любім гэтую песню, бо гэта пасланне Еўропе: «Hatrid Mun Sigra».

«Наперад, Ісландыя! І Эстонія!», – цешацца наведнікі «Еўрабачання» з Эстоніі.

Ад удзелу ў сёлетнім «Еўрабачанні» адмовілася Украіна праз «празмерную палітызацыю конкурсу». Фіналістку нацыянальнага адбору MARUV дыскваліфікавалі праз ейную пазіцыю адносна статусу Крыму і гастроляў у Расеі. Ці гэта азначае, што нашыя паўднёвыя суседзі не сочаць за музычным спаборніцтвам?

«Не, не глядзім, нашых няма, то і не глядзім».

«Я рады, што MARUV у нас ёсць, я яе слухаю, але наконт «Еўрабачання», мне здаецца, нікому ні халодна, ні горача».

«У нас шмат выканаўцаў ездзіць з Украіны ў Маскву і шмат з Масквы ва Украіну. Я не думаю, што гэта ўплывае на патрыятычную пазіцыю», – кажуць жыхары Кіева.

Ізраіль прымае «Еўрабачанне», дзякуючы мінулагодняй перамозе ў Партугаліі спявачкі Нэты Барзіляй, якая і адкрыла сёлетняе шоу. Другі паўфінал «Еўрабачання» ужо заўтра, у ім возьмуць удзел 18 канкурсантаў.

«Другі паўфінал менавіта за кошт удзельнікаў і за кошт песень будзе больш цікавы. Там будуць Нідэрланды, якім прарочаць першае месца, будзе швед, які перыядычна пераскоквае гэтыя Нідэрланды, там будзе Лазараў, вакол якога звычайна павышаны інтарэс», – гаворыць Марыя Калеснікава, журналістка «Еўрарадыё».

Менавіта расейскага ўдзельніка Сяргея Лазарава пасунула ўчора з трэцяга месца ў букмекерскіх стаўках аўстралійка Кейт Мілер-Гайдке.

Ці маюць рацыю букмекеры, якія, дарэчы, не давалі Зене шанцаў на выхад у фінал, і хто стане пераможцам «Еўрабачання-2019» – даведаемся ўжо ў суботу. Фінальны конкурс пачнецца а 22-ой паводле менскага часу.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu