Аб'ектыў 24.09.2017 «Вельмі ўражвае колькасць тых, хто адгукнуўся». Пошукі Максіма Мархалюка працягваюцца


Тысячы людзей з усёй краіны зʼязджаюцца ў вёску Новы Двор у Свіслацкім раёне. Найбуйнейшая пошукавая аперацыя ды спадзевы знайсці дзесяцігадовага Максіма Мархалюка, зніклага ў мінулую суботу. Тады хлопец паехаў у бок лесу. Міліцыя знайшла ягоны ровар, і з таго часу пошукі не спыняюцца.  

«Захопліваецца тэрыторыя прыкладна па кіламетру, група ідзе некалькі кіламетраў па неабходнаму квадрату, пасля чаго ідзе ў адваротным кірунку», – кажа інструктар Ігар Вольны.

Уначы хлопца шукалі з дапамогаю беспілотнікаў і цеплавізара. Аднак дасюль пошукі выніку не далІ. Сёння валанцёраў менш, чымся ў папярэднія дні – каля паўтары тысячы чалавек. Іх суправаджаюць працаўнікі Міністэрства надзвычайных сітуацыяў, а Міністэрства абароны ўжо другі дзень запар дасылае палявыя кухні для ўдзельнікаў пошукаў. Каардынуюць валанцёраў пад кіраўніцтвам МНС Беларускі Чырвоны Крыж і пошукавы атрад «Анёл».

«Я патэлефанавала ў службу «Анёл» па кароткаму нумару і спытала. Сказалі – так, кожны чалавек на рахунку. Сказала, што я ўжо не дзяўчына, што гляджу, там адная моладзь. Сказалі, што як не зможаце хадзіць па лесу – будзеце дапамагаць па штабе, ці на кухні»

Дзесяцігадовы Максім Мархалюк знік у суботу 16-га верасня. Апрануты ў швэдар камуфляжнага колеру і чырвоную камізэльку хлопец паехаў у лес, які, паводле мясцовых жыхароў, ведаў вельмі добра. Міліцыянты знайшлі ровар Максіма, і гэта пакуль адзіны след з пачатку пошукаў.

«Заўсёды ёсць надзея знайсці, інакш нас бы ўсіх тут не было. Кожны намагаецца дапамагчы чым можа – хтосьці тут ужо тыдзень, хтосьці прыехаў на выходныя», – кажа Ігар Вольны.

Гэта ці не самая буйная пошукавая аперацыя ў гісторыі не  толькі атраду «Анёл», але і Беларусі. Людзі зʼязджаюцца з усёй краіны.

«Прыехаў сюды ўчора а 8 раніцы. У мяне самога ёсць сын – чатыры гады яму. / Прыязжаем, вышыхтоўваемся ў ланцуг і на працягу 8-7 кіламетраў ідзем. пасля ў нас перакур на паўтары хвіліны і ідзем назад»

«Нечакана было, што столькі людзей адгукнулася. Аж гонар бярэ за ўсё краіну – неверагодна, што людзі дапамагаюць, прыносяць ежу і гэтак далей»

«Вельмі ўражвае колькасць тых, хто адгукнуўся – гэта натуральна яднае і мы зробім усё, каб яго знайсці».

Дапамагчы пошукам можна не толькі наўпроставым удзелам у іх. Пошукава-ратавальны атрад «Анёл» прымае ахвяраванні пераводамі з банкаўскіх картак ці электроннымі плацяжамі. Таксама можна папоўніць баланс мабільных тэлефонаў, чые нумары вы бачыце на экране.

«Спрацавала тое, што вялікая колькасць людзей даведалася пра гэта. І пэўна кожны праецыруе на сябе – ня дай Божа тое здарыцца са мной, ці з маім дзіцёнкам. Я вось працую ў бібліятэцы, праз мяне процьма народу праходзіць, але нават не ўяўляла, што ўсё гэта можа аж гэтак разгарнуцца»

Ахвочых далучыцца да пошукаў просяць браць з сабою гумовы абутак і цёплае адзенне, пажадана яркага колеру вопратку. Калі ж цягам 10-ці дзён са знікнення Максіма не знойдуць, справаю зоймецца Следчы камітэт.

 

Усевалад Шлыкаў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары