Вазняцкі выйграла «Australian Open»


Тэніс

Двайны стымул быў сёння ў дацкай тэнісісткі Каралінэ Вазняцкі перад фіналам Адкрытага чэмпіянату Аўстраліі: упершыню ўзяць трафей «Вялікага шлема» і праз шэсць гадоў вярнуцца на вяршыню рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі.

І спадарыня Каро ўхапіла за хвост птушку ўдачы моцна і надзейна. Барацьба з няпростаю, учэпістаю, характарнаю румынкай Сімонаю Халеп з ейным уменнем гуляць да канца спачатку прывяла да тай-брэйку, які лепш удаўся дзяўчыне з польскаю крывёю 7:6. У другой партыі румынка, здавалася, перахапіла ініцыятыву – 6:3. Але сёння быў дзень менавіта Каралінэ. 6:4 у заключным сэце, і на фоне слёзаў радасці датчанкі на трыбунах цешыўся ейны бацька Пётр ды жаніх Дэйвід Лі. НЕ чэку на чатыры мільёны долараў, не таму, што дзяўчына вярнулася на найвышэйшую прыступку рэйтынгу ўпершыню пасля 2012 года, а таму, што нарэшце, у 27 гадоў, Караліне ўдалося заваяваць галоўны трафей для кожнага тэнісіста.

Гандбол

Успамінаючы стартавы матч мужчынскай зборнай Беларусі на чэмпіянаце Еўропы па гандболе, які ў нядзелю фінішуе ў Харватыі, непрыемна згадваць, як вышчарыліся на нашых хлопцаў аўстрыйцы, гулялі не толькі агрэсіўна, але і нахабна, самазадаволена, ганарліва. Тым не меней, адзін мяч камандзе Юрыя Шаўцова, а трэнер менавіта так і называе – «мая каманда») усё ж саступілі. І вось новая «радасць»(у двукоссі) сустрэчы з цэнтральнаеўрапейскімі федэраламі. У плэй-оф да дацка-нямецкага чэмпіянату свету – 2019. Чакаем чэрвеня.

А ў сталіцы Харватыі – горадзе Загрэб – стартаваў фінальны ўік-энд 13-га чэмпіянату Еўропы. Пасля таго, як чэхі так і не скокнулі на пятае месца, аддаўшы яго гаспадарам, а чары Францыі ў першым паўфінале рассыпаліся пад ціскам больш гарачай Іспаніі, у ня менш драматычнай барацьбе права згуляць у вырашальным двубоі разыгралі Данія і Швецыя. «Трэ крунур» перамаглі заслужана – 35:34. За ўвесь двубой яны не далі нават носа высунуць наперад ютландцам, а тое, што сужыцеляў па Скандынавіі падпусцілі на небяспечную блізкасць, – хутчэй за ўсё звычайная стомленасць. Таму фаварытам у нядзельным фінале больш акрэслена выглядае менавіта Іспанія.