Васілю Быкаву – 95 гадоў


Ваяваў з нацызмам на фронце Другой сусветнай, а потым ствараў Беларускі Народны Фронт. Народнаму пісьменніку Васілю Быкаву сёння споўнілася б 95 гадоў. Савецкія ўлады цэнзуравалі яго творы, але ўсё ж паважалі і пабойваліся яго аўтарытэту. Лукашэнкаўцы ж пачалі цкаваць народнага пісьменніка, змусіўшы да эміграцыі.

«Чалавек, як і кожная жывая істота ад Бога, нараджаецца свабоднай», – пісаў Васіль Быкаў.

Ён ваяваў за свабоду, і, бадай, мала хто мог гэтак апісаць беларуса на вайне.

«Самыя вострыя тэмы. І ўвесь час у гэтым знаходзіцца. Прайсці гэтую вайну і потым не адступіць, а далей ваяваць – гэта трэба мець вельмі моцны характар», – кажа з хваляваннем пісьменніца Данута Бічэль.

Яшчэ за савецкім часам творы Васіля Быкава друкаваліся мільённымі накладамі, перакладаліся на іншыя мовы і разыходзіліся далёка па-за межы Беларусі.

«Вельмі шкада, што Васіль Быкаў не паспеў атрымаць Нобэлеўскай прэміі. Тады, можа быць, яго вядомасць была б яшчэ большая. Яна і так шырокая, вельмі шырокая!» – гаворыць старшыня Саюзу пісьменнікаў Беларусі Барыс Пятровіч.

Творчасць і франтавы досвед Васіля Быкава прынеслі яму вялікі аўтарытэт. Аднак пры ўсім гэтым за сваю праўду пісьменніку ўвесь час даводзілася змагацца з савецкаю цэнзурай:

«Даходзіла да таго, што хацелі зняць па 16 старонак у адным месцы! Даходзіла да такога кастравання ўсіх складаных момантаў. Гэта маецца на ўвазе калектывізацыя ў сталінскія гады, гэта маецца на ўвазе, скажам, самагубства міліцыянта Васіля Ганчарыка ў «Знаку бяды», – сведчыць пісьменнік Сяргей Законнікаў, лаўрэат дзяржаўнае прэміі імя Янкі Купалы, былы загадчык сектару мастацкае літаратуры аддзелу культуры ЦК КПБ.

У 1988 годзе менавіта Васіль Быкаў напіша прадмову да гістарычнага артыкулу Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты. Дарога смерці». Акурат у дзень народзінаў пісьменніка адбудзецца першы мітынг ва ўрочышчы. У той самы год Васіль Быкаў падтрымае стварэнне Беларускага народнага фронту.

«Нацыянальнае адраджэнне, абвяшчэнне незалежнасці прайшло пад маральным аўтарытэтам Васіля Уладзіміравіча Быкава», – канстатуе Сяргей Навумчык, былы дэпутат Вярхоўнага Савету (1990-1996).

У 1994 годзе Васіль Быкаў быў даверанаю асобай кандыдата на прэзідэнцтва Зянона Пазняка. Пасля паразы супраць пісьменніка распачалі дзяржаўную кампанію цкавання, чым вымусілі з’ехаць у эміграцыю. На радзіму Быкаў вярнуўся незадоўга да свае смерці, якая наступіла 22 чэрвеня 2003 года. Прадстаўнікі ўладаў дэманстратыўна адмовіліся браць удзел у пахаванні.

«Тады Чаргінец прынёс чырвона-зялёны сцяг, дзяржаўны сцяг. Калі прыйшла Ірына Міхайлаўна Быкава, яна ўбачыла гэты сцяг і сказала прыбраць чырвона-зялёны сцяг, таму што Васіль гэтага не любіў», – узгадвае Барыс Пятровіч, старшыня Саюзу пісьменнікаў Беларусі.

Аднак неадпаведнае стаўленне ўладаў да Быкава працягваецца дасюль. Праз 16 гадоў пасля смерці народнага пісьменніка ў нашай краіне няма ніводнага помніка Васілю Быкаву. Няма праспектаў, няма плошчаў ягонага імя. Усім сваім жыццём Васіль Быкаў зрабіў вялікую справу для беларусаў. Цяпер наш час адплаціць і годна ўшанаваць народнага пісьменніка.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu