Валер Карбалевіч: Праект «Саюзная дзяржава» адкладзены ў архіў


Расейскі прэм’ер Дзмітрый Мядзведзеў разам з усім Кабінетам міністраў падаў у адстаўку. Рашэнне агучылі пасля таго, як Уладзімір Пуцін прапанаваў праз рэферэндум змяніць Канстытуцыю, так, каб аслабіць паўнамоцтвы прэзідэнта і ўмацаваць фармальную ролю парламенту і значнасць пасады прэмʼер-міністра.

Ён вам не прэм’ер. Дзмітрый Мядзведзеў падаў у адстаўку пасля таго, як Уладзімір Пуцін распавёў аб планаваных зменах у расейскую Канстытуцыю.

«Мы, як урад Расейскай Федэрацыі, павінныя даць прэзідэнту нашай краіны магчымасць прымаць усе неабходныя рашэнні», – заявіў Мядзведзеў.

У адказ Пуцін прапанаваў Мядзведзеву стаць намеснікам старшыні Савету бяспекі. Апошні застаецца выканаўцам абавязкаў прэмʼера. Ачоліць новы ўрад Пуцін запрасіў старшыню Федэральнае падатковае службы Міхаіла Мішусціна.

«Зрабіць урад ахвярным казлом – гэта такі звычайны ход аўтарытарных лідараў. Лукашэнка шмат разоў такія ходы рабіў. А Пуцін трымаўся за Мядзведзева, за гэты ўрад даўно, а вось цяпер, калі ўжо зусім давер упаў, трэба нешта рабіць», – адзначае палітолаг Валер Карбалевіч.

Сёння Пуцін амаль паўтары гадзіны выступаў перад Федэральным Сходам. У прамове не было нават намёку на змену ўраду.

«Адная і тая самая асоба не павінная займаць пасаду прэзідэнта РФ больш за 2 тэрміны запар. Не лічу, што гэта пытанне прынцыповае, але згодны з гэтым», – сцвердзіў Пуцін.

І прапанаваў іншыя змены ў Канстытуцыю, якія маюць паслабіць паўнамоцтвы прэзідэнта і фармальна ўзмацніць парламент:

«Даверыць Дзяржаўнай Думе не проста ўзгадненне, а зацверджанне кандыдатуры старшыні ўраду РФ. А потым, паводле ягонага ўяўлення, уяўлення старшыні ўраду, усіх віцэ-прэмʼераў і федэральных міністраў. Пры гэтым прэзідэнт будзе абавязаны прызначыць іх на пасаду, то бок будзе не ў праве адхіліць зацверджаныя Парламентам кандыдатуры адпаведных пасадоўцаў».

Дадаткова Пуцін прапанаваў, сярод іншага, абмежаваць прыярытэт міжнароднага права, забараніць замежнае грамадзянства і від на жыхарства для суддзяў і высокіх чыноўнікаў. Кандыдатам на прэзідэнта не зарэгіструюць чалавека, які меў нешта падобнае ў мінулым, а таксама не жыў пастаянна ў Расеі 25 гадоў замест цяперашніх 10. Апроч гэтага Пуцін хоча зрабіць канстытуцыйным органам Дзяржаўны Савет, падобна, як у Казахстане, кажа палітолаг Валер Карбалевіч:

«Паўнамоцтвы прэзідэнта ў значнай ступені пяройдуць да кіраўніка гэтай установы. І таму гэта азначае, што праект «Саюзная дзяржава», з дапамогаю якой Пуцін хацеў працягнуць свае паўнамоцтвы пасля 2024 года, адкладзены ў архіў».

Уладзімір Пуцін фактычна кіруе Расеяй 20 гадоў, займае прэзідэнцкую пасаду чацвёрты раз. Паміж другім і трэцім тэрмінамі Пуціна прэзідэнтам Расеі быў акурат Дзмітрый Мядзведзеў. Пуцін тады займаў пасаду прэмʼер-міністра.

Вітаўт Сіўчык belsat.eu