Вайсковыя могілкі: помнікі знішчаюць без дазволу сваякоў


Магілы выбітных дзеячаў беларускай навукі і культуры, пісьменнікаў, жаўнераў, святароў. На Вайсковыя могілкі ў Менску можна было прыходзіць як у музей. Цяпер жа ўсё па-іншаму: улады распачалі тут «добраўпарадкаванне». Спачатку зрэзалі дрэвы, пасля, без папярэджання нашчадкаў пахаваных, пачалі знішчаць надмагіллі ды агароджы.

Ірына Маркевіч, жыхарка Менску:

«А што я бачу цяпер? Тумба безаблічная? Тут жа не безыменны салдат ляжыць, гэта чалавек, у якога ёсць дзеці, унукі, праўнукі. І вось так прайсціся трактарам па памяці, па нашых пачуццях!»

Аляксандр Гурскі, жыхар Менску:

«Аднойчы прыйшоўшы сюды, я ўвогуле нічога не пабачыў. І вось гэты кавалачак крыжа – я проста не мог паверыць, што гэта рэальнасць!»

Ад рук «упарадкавальнікаў» пацярпела і магіла святара Андрэя Туроўскага, ля самай царквы Аляксандра Неўскага. Пра гэта даведаўся ягоны ўнук, дацэнт факультэту журналістыкі БДУ. Данат Яканюк, унук протаіерэя Андрэя Туроўскага:

«Я асабіста кожныя 2–3 месяцы тут быў, а то і часцей. На Радаўніцу – гэта абавязкова, на Варвару і г. д. Фарбавалі агароджу, я саджаў кветачкі сезонныя, запальваў лампадкі».

Крыж уласнаруч ствараў брат Даната Яканюка. Унікальнаю была і масіўная агароджа, якая кавалася паводле аўтарскага ўзору. Нятанную рэліквію дацэнт шукаў у Гатаве, куды адпраўляюць металалом, але безвынікова. Па адказ дацэнт звярнуўся ў царкву, яму ўдалося зрабіць дыктафонны запіс.

Мікалай Коржыч, настаяцель царквы Аляксандра Неўскага:

«Усе працы праводзяцца па могілках Спецкамбінатам. На падставе закону».

Але ў Спецкамбінаце камунальна-бытавога абслугоўвання, які руйнаваў надмагіллі, у сваю чаргу спасылаюцца на загад святароў царквы Аляксандра Неўскага.

Павел Каралёў, гісторык, абаронца вайсковых могілак:

«Мы ведаем, што ўсе захады пачаліся праз апякунскую раду гэтай царквы. І можна сказаць, што апякунская рада прабіла ўсе гэтыя працы. І таму дзіўна выглядае сітуацыя, калі яны кажуць, што гэта горад робіць».

На сёння разбураныя каля сотні помнікаў, а вінаватых у сітуацыі нібыта і няма. Унук святара Данат Яканюк разам з валанцёрамі гуртуе пацярпелых ад гэтак званага добраўпарадкавання і рыхтуе калектыўныя звароты ў суды.

Надмагіллі з барокавымі ці гатычнымі ўзорамі або вось такія для ўсіх аднолькавыя шэрыя пліты – пытанне густу. Праблема палягае ў іншым: ці ў стане сёння беларусы бараніць сваю маёмасць, гістарычную і культурную памяць, спакой сваіх продкаў? Канфлікт на вайсковых могілках працягваецца. Улады не спяшаюцца яго развязваць.

Таццяна Уласенка, belsat.eu