«Эканоміка Беларусі расце». Такімі аптымістычнымі звесткамі дзяліліся не толькі эксперты Белстату ды Нацбанку, але і нават Міжнародны валютны фонд. Прагнозы прагнозамі, але рост экспарту, а, значыць, і часткова самой эканомікі Беларусі зноў пачынае запавольвацца.
Аб’ём экспарту спрыяе павелічэнню рэсурсаў краіны і развіццю яе эканомікі, але апошнія звесткі сведчаць пра тое, што прадаваць тавараў за мяжу нашая краіна стала менш. Вераснёвае скарачэнне экспарту ў параўнанні са жніўнем склала 1,5 %. За ім адставаць пачало і сальда гандлю таварамі ды паслугамі, якое за 9 месяцаў скарацілася на 10,3 % і склала $ 432,6 млн.
«На міжнародных рынках ёсць вялікая канкурэнцыя і калі хтосьці не працуе ўвесь час над паляпшэннем якасці і зніжэннем кошту, ён губляе свае пазіцыі», – кажа эканаміст Леў Марголін.
Таму эксперты звязваюць скарачэнне экспарту перадусім з адсутнасцю інвестараў ды інвестыцыяў, без якіх немагчымы далейшы рост вытворчасці. Адбіваюцца і сезонныя асаблівасці.
Гэтак, у параўнанні з мінулым годам, Беларусь усё ж павялічыла экспарт тавараў і паслугаў – ажно на 18 адсоткаў, але прыкладна такую ж дынаміку дэманструе і імпарт – за 9 месяцаў прадаваць мы сталі на сем дзясятых адсотка менш, чымся купляць (0,7 %).
«Улады не ўплываюць на якасць. Улады могуць уплываць на інвестыцыйны клімат. Калі б у нашую краіну роем імкнуліся інвестары, калі б ствараліся новыя вытворчасці, заводы, фабрыкі, з новай, сучаснай прадукцыяй, таму і праблем з экспартам не было б», – сцвярджае Леў Марголін.
Але, паводле Нацбанку, вонкавагандлёвы абарот тавараў і паслугаў усё ж вырас у параўнанні з мінулым годам на 18,6 %. Актыўна прадавацца сталі мінеральныя прадукты, легкавыя аўтамабілі ды іншая аўтатэхніка, тавары хімічнай прамысловасці і «малочка». Не апошняе месца займае экспарт камп’ютэрных і транспартавых паслугаў.
Нягледзячы на гэта, перадумоваў для далейшага росту экспарту, а, значыць, і эканомікі ў цэлым эканамісты пакуль не бачаць. Хто ж вінаваты ў сітуацыі, на думку жыхароў сталіцы?
Жыхары і госці Менску кажуць:
«Ва ўрадзе эканомікай ніводзін не займаецца – толькі балбатнёю».
«Ці мы кепска жывем? Паглядзіце вакол – Менск квітнее, развіваецца!».
«Той факт, што ўлада кагосьці не задавальняе, то гэта праблема народу, які выбраў такую ўладу».
«Мне падаецца, што рыба заўжды гніе з галавы, таму штосьці ў кіраўніцтве не тое».
А калі ў кіраўніцтве дэмакратычных краінаў нешта не тое, то людзі абіраюць іншае кіраўніцтва або пратэстуюць. Але ў Беларусі і з першым, і з другім праблемы.
Сцяпан Святлоў, «Белсат». Фота – ca-portal.ru