Узяць валютны крэдыт на жытло – і стаць бамжом

[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://www.youtube.com/watch?v=aqJJRVZPs_w”][vc_column_text]Адпрацаваць усё жыццё на карысць сям’і і радзімы, у выніку ж зрабіцца… бяздомнікам. Без кватэры, без грошай і з доўгам перад банкам, што павялічваецца з кожным днём. Такі лёс напаткаў берасцейскую сям’ю Антанюкоў, што пазычыла ў банку 177 мільёнаў рублёў, сплаціла 370 мільёнаў і пры гэтым засталася вінная яшчэ… 2 мільярды!

Спадарыня Ірына аб’явіла галадоўку. «Я не бачу выйсця, – кажа Ірына Антанюк. – Улады не ідуць нам насустрач, суды нас не чуюць, не хочуць, не могуць у сілу кампетэнцыі разабрацца ў гэтым пытанні».

Драматычная гісторыя гэтае сям’і пачалася 8 гадоў таму, калі сужэнцы дзеля пабудовы трохпакаёвай кватэры, дзе меліся жыць з двума дзецьмі і бабуляю, узялі крэдыт. У БПС-Сбербанку сям’і спачатку запрапанавалі ўзяць пазыку ў беларускіх рублях, а пасля працаўнікі банку зрабілі, як самыя выразіліся, «больш выгодную прапанову» – крэдыт пад 11 з паловаю адсоткаў, але ў валюце.

«Курс долара быў стабільны і гарантаваны палітыкай нашых уладаў і запэўніваннямі і кіраўніка краіны і старшыні Нацбанку, – кажа Анатоль Антанюк. – І мы паверылі, што за паўтара года – да моманту ўводу будовы там, дзе мы замовілі новую кватэру, нічога не здарыцца».

Аднак неўзабаве кампанія-забудоўнік «Облік» збанкрутавала, яе кіраўніка за злоўжыванні асудзілі на 8 гадоў. Будову ж скончыў іншы забудоўнік, але на 5 гадоў пазней і з даплатаю на амаль 30 тысяч долараў. Каб знайсці такую суму, сям’я прадала сваю двухпакаёвую кватэру. Галіну Антанюк прызналі пацярпелай ад дзеянняў забудоўніка, але належнай кампенсацыі – 421 мільён рублёў – яна дасюль не атрымала.

«Банк, будучы партнёрам «Обліка» і будучы ў першым шэрагу крэдытораў «Обліку» атрымаў 67 тысяч долараў», – кажа Ірына Антанюк.

Хоча банк атрымаць і выплату рэшты крэдыту ад сям’і Антанюкоў.

Сужэнцы крэдыт бралі пры курсе долара 2 тысячы, спраўна сплачвалі долі крэдыту, калі курс сягнуў трох тысячаў, пяці і нават 10-ці. Калі ж долар стаў каштаваць 15 тысячаў, а прыбыткі пры гэтым не павялічыліся, сям’я перастала даваць рады з фінансавымі абавязкамі.

«800 долараў у месяц. У эквіваленце на сённяшні дзень – 16 мільёнаў беларускіх рублёў пры сярэднім даходзе сямʼі ў месяц каля 9 мільёнаў», – кажа Анатоль Антанюк, які пасля дзвюх аперацыяў на сэрцы мае трэцюю групу інваліднасці.

У Ірыны ж 50 адсоткаў заробку забірае банк, другую палову яна аддае заручальнікам.

«Я не ведаю, што я мушу прадаваць – ныркі? Ці яшчэ што, каб заплаціць банку 2 млрд рублёў», – кажа спадарыня Антанюк.

Праз нясплату пазыкі на кватэру пазычальнікаў наклалі арышт.

Экспертка ў фінансавай пісьменнасці Крысціна Вітушка (дзесяцігадовы стаж у банкаўскай сістэме), перакананая, што фінансавая ўстанова, якая ў гэтай сітуацыі зазнае і матэрыяльныя, і іміджавыя страты, дзеіць згодна з законам ды забіраць кватэру кліентам не зацікаўленая.

«У банку няма механізмаў продажу, – кажа Вітушка. – Больш за тое, кватэра стала танней, банк не пакрые свае выдаткі, не зможа атрымаць тую суму, якую ён выдаў гэтай сям’і. Таму я ўпэўненая, што банк будзе прапаноўваць свае варыянты. Але яны не будуць выглядаць як скасаванне ўсіх адсоткаў ці змяншэнне сумы».

Дасюль з крэдыторам, які прапаноўваў рэструктурызаваць пазыку, знізіць адсоткі або закласці кватэру ў банку, пазычальнікі паразумення не дасягнулі. Кліенты безвынікова чакаюць ад камерцыйнай арганізацыі дабрачыннага ці прынамсі асаблівага падыходу.

Вольга Старасціна

Глядзі таксама