«Уцерці нос таварышу, які спіць». Навошта бегаць 1 студзеня а 9 раніцы?

Раніца 1 студзеня звычайна выглядае так: пустыя вуліцы, сонны горад… Аднак ёсць энтузіясты, якія абіраюць іншы варыянт сустрэчы першага дня года. Як сябры дабрачыннай каманды «Крылы анёлаў». А 9 раніцы людзі выйшлі на традыцыйную навагоднюю прабежку.

Дабрачынная каманда «Крылы анёлаў» паказала альтэрнатыўны варыянт святкавання Новага года. Сёння а 9 раніцы людзі выйшлі на ўжо традыцыйную прабежку.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Забег «Утринос» упершыню прайшоў у Менску ў 2017 годзе. Тады ў навагоднім спаборніцтве ўдзел бралі ўсяго 3 асобы, праз два гады – ужо каля 80. Сёлета ж акцыя выйшла за межы сталіцы, а ўдзел у ёй, паводле арганізатараў, узялі больш за 100 чалавек.

«Для адных людзей гэта задавальненне прачнуцца раніцай, прабегчы па прыгожа асветленым горадзе. Для іншых – уцерці нос таварышу, які спіць, а вось чалавек ужо дзясятку прабег», – кажа арганізатар забегу Дзмітрый Цімашкоў.

Арганізоўвае забег дабрачынная каманда «Крылы анёлаў», якая дапамагае людзям з інваліднасцю. Арганізатар тлумачыць, што такім людзям гэтаксама не хочацца сядзець удома. Яны ахвотна бяруць удзел у гэткіх імпрэзах. Апроч таго, бальшыня бегуноў зрабіла дабрачынны ўнёсак.

Удзельнікі забегу падзяліліся, чаму яны вырашылі прыняць удзел у імпрэзе:

«Мы вось апошнім часам захапіліся вельмі спартовымі рознымі мерапрыемствамі, а гэта падзея яшчэ і дабрачынная. Вельмі прыемна, што можна дапамагчы і камусьці, і сабе. І сябе ў крыўдзе не пакінуць».

«З кожным годам усё больш такіх людзей. На забегах вось удзельнічаю другі год. Нават паўтара, 2 гады таму на забегах было значна менш людзей».

«Неяк хочацца зарад бадзёрасці атрымаць на год. Падтрымаць нейкі рух, супольнасць».

«Падтрымаць народ мусіць. Разам яно ўсё лягчэй, весялей. Ну і сустрэць Новы год разам з добраю кампаніяй».

Не толькі сталічныя бегуны выйшлі на вуліцу пасля навагодняй ночы. Бегуны з Жодзіна, Лагойску, Акцябрскага, Смалявічаў і Наваградку гэтаксама вырашылі зрабіць сваю раніцу спартовай.

Дар’я Чульцова belsat.eu

Глядзі таксама