Усходняму партнёрству – 10 гадоў. Ці Беларусь наблізілася да Еўразвязу?


Дзесяцігоддзе ў праекце Еўразвязу Беларусь планавала адзначыць на высокім узроўні – падпісаннем дамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму і ў перспектыве – правядзеннем у Менску саміту «Усходняга партнёрства». У выніку пакуль адбыліся толькі кансультатыўныя паседжанні. Напярэдадні старшыня еўрапейскай дыпламатыі Федэрыка Магерыні ды шэраг іншых удзельнікаў памянялі парадак дня.

Дырк Шубэль, старшыня прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі:

«Нашае заданне – сабраць погляды як мага больш зацікаўленых бакоў, прыйсці да паразумення і выпрацаваць рэкамендацыі для далейшых дзеянняў нашых кіраўнікоў. Гэты сход дапаможа вызначыць будучы кірунак партнёрства».

Праект «Усходняга партнёрства» задумваўся дзеля збліжэння з шасцю постсавецкімі краінамі – Азербайджанам, Грузіяй, Арменіяй, Малдовай, Украінай і Беларуссю – дзеля падтрымання стабільнасці ва ўсходнім рэгіёне.

Еўразвяз прапаноўваў фінансаванне – ад гуманітарных праектаў да рэалізацыі палітычных і эканамічных рэформаў, што ў будучым склала б падмурак для падпісання інтэграцыйных дамоваў. У выніку Пагадненне аб асацыяцыі з Еўразвязам падпісалі Грузія, Украіна і Малдова.

Валер Каліноўскі, палітычны аглядальнік Радыё Свабода:

«Галоўны тормаз – гэта палітыка беларускіх уладаў, унутраная палітыка, парушэнне правоў чалавека, абмежаванне свабоды, парушэнні падчас выбараў. Гэта не можа не ўлічваць Еўрапейскі Звяз пры развіцці адносінаў з краінамі-суседзямі».

З боку ж еўрапейскага дачыненні Беларусь – ЕЗ блакавала Літва, занепакоеная будаўніцтвам бліз сваёй мяжы Астравецкай АЭС.

Гэтаксама не менш важны чыннік – што ўлады Беларусі аддаюць перавагу эканамічнай і геапалітычнай інтэграцыі з Расеяй. Да каго за 10-годдзе Беларусь сталася бліжэй – да Еўразвязу ці Расеі – мы пацікавіліся і ў менчукоў:

«Апошнія дзеянні – інтэграцыя ўсякая, усё такое. То, вядома, да Расеі сталі бліжэй. Але лепш бы ў Еўразвяз».

«Да Расеі. А хто нас корміць? Вовік Пуцін».

«Мы звязаныя з Расеяй пупавінаю, мы ж ад Расеі атрымліваем тое, што нам патрэбна. У першую чаргу нафту».

Беларусь жа, хаця скарыстала менш магчымасцяў праекту, чымся іншыя краіны-ўдзельніцы, атрымала доступ на еўрапейскія рынкі, выйшла на фінішную простую ў спрашчэнні візавага рэжыму і між іншага рыхтуе дамову аб прыярытэтах партнёрства паміж Еўрапейскім Звязам і Беларуссю.

Юлія Лабанава belsat.eu