Усебеларускі народны сход прызначылі на люты


Усебеларускі народны сход адбудзецца 11 і 12 лютага. Даты сёння агучыў Аляксандр Лукашэнка. А ўжо заўтра распачнецца абранне дэлегатаў. Чаго яшчэ можна чакаць ад форуму, апроч традыцыйнага аналізу дасягненняў і зацвярджэння плану на наступную пяцігодку?

Новаўвядзенні, якія будуць прапаноўвацца на Усебеларускім народным сходзе, маюць служыць дабрабыту беларусаў – заявіў Лукашэнка і падкрэсліў: ніякіх рашэнняў, каб дагадзіць, цытата, «замежным дарадцам» і іхным тутэйшым прыхільнікам, быць не павінна.

«Два пытанні – эканамічнае і сацыяльна-палітычнае – павінны прагучаць. Нашыя бачанне і прапановы ўдзельнікам сходу павінныя быць канкрэтнымі і адлюстроўваць рэальныя праблемы і спадзяванні людзей. Нам не патрэбныя адарваныя ад жыцця тэорыі», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Шосты форум наменклатурна-гаспадарчага актыву запланаваны на 11 і 12 лютага.

Упершыню ж Усебеларускі народны сход адбыўся ў 1996 годзе напярэдадні рэферэндуму аб змене Канстытуцыі.

«Калі быў першы Усебеларускі народны сход, я быў тады намеснікам старшыні Канстытуцыйнага Суда, мне прыйшло запрашэнне. Старшыні Канстытуцыйнага Суда Ціхіні чамусьці не было запрашэння, а мне прыйшло запрашэнне. Я, па праўдзе кажучы, не хадзіў на гэты сход, таму што я лічыў, што гэта надуманы і нелегітымны орган», – распавядае былы намеснік старшыні Канстытуцыйнага Суда Валерый Фадзееў.

«Ён існуе для падману працоўных і грамадзянаў. Нічога іншага за гэтым махлярскім органам не стаіць і быць не можа», – сцвярджае філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

Арганізатары называюць Усебеларускі народны сход адной з найважнейшых формаў народаўладдзя ў краіне. А як да гэтага форуму ставяцца простыя грамадзяне?

Жыхары Берасця кажуць:

«Хацелася б верыць, што ён ёсць народным, а мары паміраюць апошнімі».

«Нават не ведаю, не цікаўлюся палітыкай, не гляджу і не ведаю».

«Гледзячы, хто туды паедзе. Вы ж самі разумееце: каго запросяць – тыя паедуць. Калі самі праявяць ініцыятыву – іх туды не пусцяць. Што можна зрабіць? Нічога».

«Не ведаю, як ён будзе юрыдычна афармляцца. Няма такога ў нас у Канстытуцыі органу».

Усебеларускі народны сход праводзіцца раз на пяць гадоў, звычайна перад прэзідэнцкімі выбарамі. На ім Лукашэнка дае справаздачу за папярэднюю і ставіць мэты на наступную пяцігодку. А дэлегаты галасуюць за прапановы. Значных рашэнняў на сходзе ніколі не прымалі.

Гэтым разам на форуме плануюць прэзентаваць канстытуцыйныя змены.

У той жа час органам, які можа прыняць Канстытуцыю, можа быць толькі Устаноўчы сход – кажа Уладзімір Мацкевіч.

«Гэта абраны склад дэлегатаў, гэта людзі, якія, сабраўшыся на Устаноўчы сход, маюць адзіную функцыю – распрацоўванне, прыняцце канчатковай рэдакцыі Канстытуцыі, якая выносіцца на рэферэндум. І толькі такім чынам можа быць Канстытуцыя прынятая. Усё астатняе – гэта падман», – падкрэслівае Мацкевіч.

Удзельнікамі сходу павінныя быць прадстаўнікі ўсіх групаў насельніцтва – заяўляе Лукашэнка. У рэальнасці ж абрацца дэлегатам гэтак жа складана, як і трапіць у склад выбарчай камісіі.

Прадстаўнікам апазіцыі трапіць на сход не ўдаецца. Гэтак, у 2006 годзе за спробу прайсці на форум пабілі тагачаснага кандыдата на прэзідэнцтва Аляксандра Казуліна. У 2010 годзе на сход не трапіў Уладзімір Някляеў, хоць і сабраў 27 тысяч подпісаў за вылучэнне.

«Мы разумеем, хто туды абіраецца. Калі народ наўпрост не выбірае, то выбіраюць тых, хто бліжэйшы да ўлады, каго ўлада парэкамендуе. Таму, я думаю, прадстаўніцтва там будзе спецыфічнае», – прагназуе Валерый Фадзееў.

Абранне дэлегатаў на Усебеларускі народны сход пачынаецца з заўтрашняга дня.

Анастасія Русецкая, «Белсат»

Банер у падтрымку незалежных журналістаў