Усе на акцыях – ад студэнта да пенсіянера


Традыцыйна па панядзелках у сталіцы адбылася акцыя салідарнасці пенсіянераў. Гэтым разам тысячны Марш мудрасці прайшоў без затрыманняў. І да акцыі далучыліся медыкі. Працягваюць выходзіць на пратэсты і студэнты.

Звольненую выкладчыцу лінгвістычнага ўніверсітэту Наталлю Дуліну, якая выступала супраць выключэння студэнтаў, арыштавалі на 14 содняў. Гэткую пастанову вынесла суддзя Таццяна Шоцік за ўдзел у пікеце, які адбыўся ў мінулы панядзелак каля юрыдычнага факультэту БДУ.

Тым часам ва ўніверсітэцкім дворыку на акцыі салідарнасці гучалі словы падтрымкі.

«На фота наша калега – выкладчыца з Менскага лінгвістычнага ўніверсітэту. Мы выйшлі на акцыю падтрымкі чалавека, якога затрымалі, які выступіў за студэнтаў», – кажа ўдзельнік акцыі студэнтаў БДУ.

Некалькі дзясяткаў студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту патрабавалі спыніць гвалт і пераслед праз палітычныя матывы ды спявалі гіты на новы лад.

«Мы спадзяемся на тое, што студэнцтва – гэта рухавік прагрэсу. Нам жыць у гэтай краіне, і нам патрэбна клапаціцца, каб нешта змяняць».

«У нашай групе падзяліліся меркаванні. Усе меней і меней людзей выходзяць на забастоўкі, на такія акцыі. Больш людзей расчароўваюцца, расчароўваюцца ў самой забастоўцы і, напэўна, у пратэсце ўвогуле. І сёння многія нашы выйшлі на пары».

«На факультэце ў нас даволі апазіцыйна настроеныя да цяперашняй улады – усе, хто з ФМА. Да нас яшчэ прыходзяць выкладчыкі з юрфаку – і там пазіцыя менш апазіцыйная. Але нашыя выкладчыкі супраць дзейнай улады».

«У асноўным усе так: мы за перамены, але выходзяць нямногія, таму што «а як мы здамо ўсё?». У іх шмат пытанняў па вучобе. Яны не хочуць выходзіць з намі. Хаця, каб яны ўсе выйшлі з намі, гэта б цягнулася тыдзень ад сілы», – гавораць ўдзельнікі акцыі студэнтаў БДУ.

Акцыя салідарнасці адбылася сёння і ў Акадэміі мастацтваў. Адлічваць нельга – скандавалі ўдзельнікі. Ратуюць адлічаных і ў дзяржаўным медычным універсітэце. Больш за 200 выкладчыкаў і работнікаў гэтай ВНУ падпісалі зварот да рэктара з патрабаваннем скасаваць загад аб адлічэнні студэнтаў, якія пацярпелі за выказванне думкі пра палітычныя падзеі ў краіне.

Працягваюць выходзіць на акцыі салідарнасці і пенсіянеры. Традыцыйна па панядзелках яны збіраюцца каля Чырвонага касцёлу. Гэтым разам над удзельнікамі Маршу мудрасці залунаў вялізны бел-чырвона-белы сцяг.

«Мне сорамна перад сваімі дзецьмі, перад сваімі дарослымі ўнукамі за сённяшнюю ўладу».

«Я за дэмакратыю: за дэмакратычную рэспубліку, каб у ёй панавалі законы і гэтых законаў прытрымліваліся ўсе, каб усе былі роўныя перад законам – і прэзідэнт, і простыя людзі. У нас жа не так. А тое, што цяпер творыцца ў нашай краіне, – маё сэрца кроўю абліваецца».

«На Каліноўскага метраў за сто ад нас узрывалі гранаты. Мы гэта ўсё бачылі. Як мы можам рэагаваць?»

«Адказ вельмі кароткі: як нармальныя людзі ўва ўсім свеце. Баста!» – кажуць удзельнікі Маршу мудрасці.

Тысячная калона па ходніках прайшлася ўздоўж праспекту Незалежнасці да плошчы Якуба Коласа. У руках удзельнікі трымалі крэатыўныя плакаты: «Парламент дармаед – зжырае нашы грошы» – і не менш крэатыўныя сцягі: вязаны і з вышытым клубком.

Да пенсіянераў далучыліся медыкі. Міліцыя маршу не замінала. Затрыманняў – у адрозненне ад мінулага панядзелка – не было.

Анастасія Русецкая «Белсат»