Усе фільмы «Белсату» на «Лістападзе» атрымалі ўзнагароды


Андрэй Куціла з узнагародамі «Лістападу-2019». Фота з «Фэйсбуку» рэжысёра

Стужка «Стрыптыз і вайна» Андрэя Куціла атрымала адмысловы прыз журы ў межах асноўнага конкурсу дакументаў, а «Summa» прызналі найлепшым дакументальным фільмам нацыянальнага конкурсу. Гран-пры ад міжнароднага журы «Лістапада» атрымала антыўтопія «Атлантыда» ўкраінскага рэжысёра Валянціна Васяновіча.

2025 год, расейска-ўкраінскі ваенны канфлікт скончыўся перамогай Украіны. Параненая выбухамі зямля Данбасу практычна не прыдатная для жыцця. Галоўны герой – валанцёр гуманітарнай місіі – прыязджае сюды для эксгумацыі целаў загінулых вайскоўцаў. Здымкі адбываліся ў Марыупалі, а ў галоўных ролях непрафесійныя акторы, якія прайшлі вайну. Перад тым, як прыехаць на «Лістапад», «Атлантыда» ўпершыню ў гісторыі Украіны здабыла гран-пры на Венецыянскім кінафестывалі ў конкурсе «Гарызонты».

«Гэтая карціна не ёсць нейкай палітычнай заявай. Гэта фільм пра тое, як чалавек павінен у сабе пераадолець смерць, каб прыйсці да любові. І з гэтага гледзішча гэта выбітная гуманістычная гісторыя», – распавядае праграмны дырэктар кінафестывалю «Лістапад» Ігар Сукманаў.

Сёлета ўвага на «Лістападзе» была прыкутая да нацыянальнай праграмы. Беларускія фільмы збіралі аншлагі, а судзіць конкурс прыехаў Кшыштаф Зануссі. І ў дакументальнай намінацыі перамог фільм «Summa» Андрэя Куцілы, зняты супольна з нашым тэлеканалам, праца над стужкай заняла пяць гадоў.

«Калі я даведаўся, што маладая дзяўчына, якая цікавіцца мастацтвам і коньмі, прыязджае ў госці да такога выбітнага польскага мастака, я зразумеў, што гэта паваротны пункт, каб зрабіць глыбокую і экзістэнцыйную гісторыю», – кажа Андрэй Куціла.

Журы асноўнага дакументальнага конкурсу ўзнагародзіла Андрэя Куцілу адмысловым прызам за стужку «Стрыптыз і вайна», а Гільдыя кіназнаўцаў і кінакрытыкаў Беларускага саюзу кінематаграфістаў узнагародзіла творцу таксама «Саламяным зубром» «за здольнасць перадаваць неперадавальнае». Аўтар «Чыстага мастацтва» Максім Швед атрымаў дыплом «за дасціпнае і трапнае адлюстраванне беларускай самасвядомасці».

Глядзіце рэпартаж з закрыцця фестывалю ў поўным выданні навінаў

Найлепшым гульнявым беларускім фільмам стаў «Пляж/Лес/Тамбур» Кірыла Галіцкага і Святланы Казлоўскай. Стужка брала ўдзел у конкурсе і летась, але рэжысёры адклікалі яе на знак пратэсту супраць цэнзуры Міністэрства культуры, якое не прапусціла ў праграму некалькі фільмаў. Таму са сцэны яны нагадалі аб неабходнасці дыялогу.

І яшчэ адна важная ўзнагарода фестывалю: пасля кінапаказаў гледачы ацэньвалі фільмы, і фаварытам стала стужка «Цела Божае».

Фільм польскага рэжысёра Яна Комаса выклікаў пэўны рэзананс на радзіме, ён распавядае пра маладога чалавека з судзімасцю, які вельмі хоча стаць святаром.

«Мне асабіста гэтая карціна досыць блізкая. Я яе высока цаню і радуюся, што яна аказалася зразумелая ў іншай краіне, дзе большасць людзей іншай веры, не каталіцкай. А карціна датычыць католікаў і каталіцкага святара – сапраўднага святара, але ўсяго не будзем раскрываць гледачам, каб яны пайшлі і паглядзелі», – кажа польскі рэжысёр Кшыштаф Зануссі.

«Лістапад» раздаў узнагароды – 24 статуэткі ўручылі пераможцам у фестывальным конкурсе, які з кожным годам робіцца ўсё больш разнастайны.

Аляксандра Дорская, «Белсат»