Еўрапарламент абраў новага старшыню Еўрапейскай камісіі. Упершыню ў гісторыі гэтую пасаду атрымала жанчына. Урзуля фон дэр Ляен – дасведчаны нямецкі палітык з Хрысціянскай дэмакратычнай партыі. Якія мэты ставіць сабе новая старшыня Еўракамісіі?
Урзуля фон дэр Ляен нарадзілася ў Бруселі ды тут жа пачынае працу ў якасці старшыні найвышэйшага органа выканаўчай улады Еўразвязу – Еўракамісіі. Цяпер на ейных плячах адказнасць за рыхтаванне законапраектаў і выкананне рашэнняў Еўрапарламенту, а таксама кантроль над выкананнем прававых актаў.
«Спадар спікер, шаноўныя чальцы Парламенту. Я надзвычай удзячная вам за давер, які вы аказалі мне на гэтай пасадзе. Гэта давер да адзінай Еўропы ад Усходу да Захаду, з Поўдня на Поўнач. Гэта ўпэўненасць у Еўропе, гатовай змагацца за будучыню, а не змагацца адно з адным», – гаварыла сёння новаабраная старшыня Еўракамісіі.
Урзулю фон дэр Ляен – сябру нямецкае Хрысціянскае дэмакратычнае партыі – у свой час разглядалі як пераемніцу канцлера Ангелы Мэркель. У Нямеччыне яна займала розныя пасады: міністр у справах сям’і, міністр аховы здароўя, а з 2013-га – міністр абароны.
«Урзуля фон дэр Ляен уступае ў новы этап свайго жыцця, які трэба прайсці з новымі сіламі», – зазначыла сёння канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель.
Маці сямёх дзяцей, шасцідзесяцігадовая фраў фон дэр Ляен у выдатнай форме і ўпэўненая, што на новай пасадзе зможа прымаць смелыя рашэнні. Яна плануе ўдвая зменшыць выкіды вуглякіслага газу ў Еўропе да 2030 года, а таксама скараціць нелегальную міграцыю.
«Працавітыя сем’і па-ранейшаму з цяжкасцю стачваюць канцы ў Еўропе. Я хачу гарантаваць ім забеспячэнне аплочвальнай працай ва ўмовах сацыяльнае рынкавае эканомікі», – сцвердзіла Урзуля фон дэр Ляен.
Старшыня Еўракамісіі абіраецца тэрмінам на 5 гадоў з магчымасцю пераабрання. Урзуля фон дэр Ляен стала першаю жанчынай, якая ўзначаліла гэтую еўрапейскую структуру.
Ігар Віняўскі, Усевалад Шлыкаў, belsat.eu