Аб'ектыў 25.02.2019 Упершыню – без камуністаў. Вынікі парламенцкіх выбараў у Малдове


Прарасейская Партыя сацыялістаў набрала найбольш галасоў, але сфармаваць урад не зможа. Палова бюлетэняў была за празаходнія партыі, хаця невядома, ці змогуць яны аб‘яднацца ў кааліцыю. Між тым апазіцыя заяўляе, што выбары – сфальсіфікаваныя, а таму трэба пратэставаць.

Лідары малдаўскай апазіцыі яшчэ ўчора заяўлялі: калі падазрэнні ў подкупе выбарнікаў спраўдзяцца, будуць вулічныя пратэсты. Мая Санду, сустаршыня блоку «ACUM»:

«Калі выбары будуць сфальсіфікаваныя ў яшчэ большым маштабе, чым яны падробленыя сёння, мы пойдзем, каб абараніць наш голас. Мы можам зрабіць гэта толькі такім шляхам, бо, на жаль, дзяржаўныя органы застаюцца на баку рэжыму, і мы не можам на іх спадзявацца».

Пра подкуп галасоў кажа місія АБСЕ. Перад многімі ўчасткамі недалёка ад мяжы з самай раніцы ўсталяваліся чэргі: адмысловыя аўтобусы прывозілі людзей з Прыднястроўя, каб тыя прагаласавалі. Паводле крыніцаў «Белсату» – за грошы.

«Добры дзень! Вы прывезлі людзей галасаваць?» – «Без каментароў!» – «Чаму без каментароў? Вы ж прыйшлі галасаваць…» – «Да пабачэння!» – «Каб быў СССР назад».

Аднак дамагчыся паўтору выбараў з прычыны парушэнняў апазіцыі будзе вельмі складана. Актавіян Мілеўскі, палітолаг, эксперт у постсавецкай прасторы:

«Гэта вельмі цяжка даказаць, бо тыя інстытуты ўлады, якія мусілі прыглядаць за гэтым, цалкам падпарадкаваныя Плахатнюку і ягонай канторы».

Незадаволены з вынікаў і прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон, прадстаўнік прарасейскіх сацыялістаў. Ён таксама патрабуе правесці паўторнае галасаванне ў некаторых вобласцях.

Крыху больш за 31 адсотак выбарнікаў падтрымаў прарасейскую Партыю сацыялістаў, амаль 27 адсоткаў набрала аб‘яднанне праеўрапейскіх лібералаў з блоку «ACUM», кіроўная Дэмакратычная партыя – амаль 24. Кансерватары з партыі бізнесоўца Ілана Шора прайшлі ў парламент з вынікам крыху больш за 8 адсоткаў. Астатнія палітычныя суполкі не пераадолелі шасціадсоткавага бар‘еру. Яўка склала амаль 50 адсоткаў.

«Я прагаласаваў за тое, каб Рэспубліка Малдова рухалася на Захад».

«Вядома, мы спадзяемся на нешта лепшае, чым цяпер», – кажуць выбарнікі.

Паколькі ніводная партыя не атрымала бальшыні галасоў, для стварэння ўраду патрэбная кааліцыя. На думку эксперта, неабходную колькасць мандатаў можа аб‘яднаць лідар кіроўнай Дэмакратычнай партыі Уладзімір Плахатнюк. Пакуль ён можа разлічваць на сорак тры мандаты са ста аднаго. 33 – свае і яшчэ дзесяць – па дамоўленасці з іншымі дэпутатамі.

«Сем ад Шора – гэта не можна лічыць партыяй, гэта людзі Плахатнюка, гэта апендыкс Дэмакратычнай партыі, тры незалежныя, гэта, зноў жа, людзі Плахатнюка. Гэта значыць, 43 атрымліваецца, а яму трэба набраць 51», – гаворыць Актавіян Мілеўскі, палітолаг, эксперт у постсавецкай прасторы.

Лідары блоку «ACUM», які аб’ядноўвае праеўрапейскія ліберальныя партыі, ужо заявілі, што ні ў якую кааліцыю не ўвойдуць. А калі цягам сарака пяці дзён пасля абвяшчэння вынікаў урад не сфармуецца, у Малдове павінныя абвясціць новыя выбары.

Ганна Мордань, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары