Універсітэты прынялі новых студэнтаў на «бюджэт»


Колькі трэба, каб паступіць у абраны ўніверсітэт? Прахадных балаў, натуральна. У вышэйшых навучальных установах прайшло фінальнае залічэнне на бюджэтнае навучанне. Якая спецыяльнасць цешылася найбольшай папулярнасцю, і чаму сёлета здаць Цэнтральнае тэставанне было значна прасцей?

Паступілі. Айчынныя ўніверсітэты прынялі новых студэнтаў на «бюджэт». Сустрэтыя намі выпускнікі распавядаюць:

«Было вельмі складана, таму што было вельмі шмат людзей з 250, 260, нават з 300 баламі, вельмі шмат людзей праходзіла».

«Я прыблізна з 9 класа марыла паступіць на перакладніцкі факультэт. Здала ЦТ, ЦТ былі лёгкія, так увогуле. Здала і паступіла».

«Я паступаў у БДУ. Недабраў 5 балаў. Было нескладана, проста крыўдна, што не хапіла 5 балаў. Пайшоў у БДУІР на КСІС «Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогіяў».

Найбольшай папулярнасцю ў Беларусі сёлета цешыцца спецыяльнасць «Міжнароднае права» у БДУ. Каб трапіць туды на бюджэт, трэба было набраць ажно 385 балаў – гэта на тры балы больш, чым летась.

Найменшы прахадны бал у БДУ сёлета на «тэалогію» – 223 пункты, пры тым, што летась ён складаў усяго толькі 163. Такі рост ёсць і ў іншых ВНУ, у тым ліку тэхнічных, і патлумачыць гэта можна новай сістэмай падліку ЦТ.

«Дзеці, якія раней набіралі 13, 15, 17 балаў, у гэтым годзе панабіралі 34, 37, 50», – адзначае настаўніца і даследчыца Ганна Севярынец.

Раней за найпрасцейшыя заданні давалі найменш балаў – але ад гэтага года за ўсе заданні першай часткі даюць аднолькава.

«Гэта зроблена для таго, каб схаваць тыя праблемы, якія ёсць у сучаснай беларускай адукацыі. ЦТ будзе паказваць, што ўсё добра, сярэдні бал па ЦТ, напрыклад, з матэматыкі, падняўся з 30 да 50. Але што сталася? Нічога, проста пачалі па-іншаму лічыць», – канстатуе Сяргей Альшэўскі, кіраўнік праекту «Народны падручнік».

Спраўдзіць на сабе, як працуе новая сістэма падліку, узялася рэдактарка нашага сайту. Вольга Ярохіна, зазначаючы адказы «метадам тыку», маючы меншасць (!) правільных адказаў, атрымала 56 балаў па біялогіі і 48 па фізіцы. Але нашмат больш яскравы вынік дало ЦТ з кітайскае мовы:

«На пытанне першае я адказала пункт А, на другое пытанне пункт B, на пытанне трэцяе – пункт С і гэтак далей. Атрымаўся такі прыгожы зігзаг. Ну і атрымалася, што па кітайскай мове я ведаю на 41 бал, якую я зразумела, ніяк не вучыла».

Але, нягледзячы на новыя правілы, усё адно ёсць недабор. Гэтак, на спецыяльнасцях «Аграномія», «Заатэхнія», «Аграхімія і глебазнаўства» у Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі застаецца ажно 79 вольных месцаў. Для паступлення ж дастаткова мець усяго толькі 7 балаў па ЦТ з біялогіі і хіміі.

«Можаце адрозніць карову ад парасяці? Можаце? Ну ўсё, гэта значыць 7 балаў, значыць можаце ісці ў сельскагаспадарчую ВНУ і паступаць. Гэтыя змены ўжо прывялі да таго, што як казаў прэзідэнт, каровы ў г**не стаяць», – лічыць Сяргей Альшэўскі.

Ёсць яшчэ па два месцы на «Славянскай філалогіі» у БДУ і «Беларускай філалогіі» у Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Скарыны – там для паступлення дастаткова мець 15 балаў па ЦТ з гісторыі Беларусі і 25 балаў па беларускай мове. Засталіся тры вольныя месцы і на спецыяльнасць «Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі» у Палескім дзяржаўным універсітэце. Паслязаўтра апошні дзень, калі можна падаць дакументы ў гэтыя ўніверсітэты.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu