Ультыматум Лукашэнку: пратэсты стануць больш рашучыя?


Рэзалюцыю, прынятую напярэдадні падчас Маршу недармаедаў у Менску, перадалі ў Адміністрацыю прэзідэнта. Ультыматум ці спроба дамовіцца? Прадстаўнікі апазіцыі патрабуюць неадкладна адмяніць дэкрэт № 3 ды рэабілітаваць усіх затрыманых падчас масавых акцыяў пратэсту. Інакш наступным разам патрабаванні будуць больш жорсткімі.

Ці можа быць той дыялог з уладамі?

«Калі гэты дэкрэт яны не адмяняюць, нашыя крокі будуць больш рашучыя, а нашыя патрабаванні будуць ужо не эканамічныя, а палітычныя», – зазначыў Дзяніс Садоўскі, адказны сакратар БХД.

Былы міліцыянт звярнуся да галоўнага міліцыянта

Адначасова з гэтым адзін з падпісантаў рэзалюцыі, сябра АГП і падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай Казлоў, звярнуўся персанальна да міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча з патрабаваннем вярнуць дзеянні ягоных супрацоўнікаў у «законнае рэчышча».

Улады не могуць пераканаць народ

Са спробаў прадстаўнікоў уладаў навязаць дыялог з грамадзянамі нічога не атрымалася. Як, напрыклад, у дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ігара Марзалюка падчас магілёўскай акцыі.

Супакоіць раз’юшаных беларусаў, якія скандавалі «Лукашэнка – сыходзь!» ды паабяцалі ў наступны раз выйсці на галоўную плошчу Горадні з сякерамі, спрабавала і намесніца старшыні Гарадзенскага гарвыканкаму Зоя Кулеша.

«Я пенсіянерка і не магу жыць спакойна. Я сляпая, а мае дзеці не могуць мне падаць кружку вады, бо мусяць скітацца за мяжой. Ганьба!», – крычала ў адказ удзельніца пратэсту.

Знізіць градус незадавальнення спрабавалі і ўлады Рагачова.

Журналісты радыё «Свабода» распазналі на Маршы недармаедаў прынамсі чатырох мясцовых ідэолагаў, якія адрэкамендоўваліся людзям беспрацоўнымі, працаўнікамі аховы здароўя або пенсіянерамі.

Што ж канкрэтнае гатовыя прапанаваць улады, апроч спробаў збіць пратэставыя настроі замест таго, каб пайсці людзям насустрач? Паводле прадстаўнікоў Міністэрства падаткаў і збораў, да 1 красавіка чыноўнікі сфармулююць змены ў Дэкрэт № 3. Але, як казаў кіраўнік краіны, самога Дэкрэту адмяняць ніхто не будзе. А гэта значыць, што прынамсі ў выкананне галоўнага пункта рэзалюцыі, якую сёння падалі ў Адміністрацыю прэзідэнта, верыць не выпадае.

Віталь Бабін, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum