Уласнікі «Паедзем, паядзім» хочуць задушыць пратэст грашыма


Актывістам, што працягваюць пікетаваць рэстарацыю «Паедзем, паядзім» каля месца масавых расстрэлаў ува ўрочышчы Курапаты, прапаноўвалі грошы, за спыненне блакады, заявіў сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Павел Севярынец.

Тым часам да гарачага абмеркавання маральнасці такой пляцоўкі далучыліся і галоўныя бізнесоўцы Беларусі і нават Мінкульт.

Пікетаванне рэстарацыі «Паедзем, паядзім» працягваецца ўжо трэці тыдзень. Актывістаў, што пад пільным наглядам міліцыі спрабуюць блакаваць пляцоўку засталося менш за дзясятак. Але раздражняюць уладальнікаў яны як і раней. Паводле Паўла Севярынца, прыпыненне акцыі намагаліся купіць.

«Уласнікі рэстарацыі «Паедзем, паядзім» у Курапатах праз пасярэднікаў звярнуліся да аднаго з абаронцаў Курапатаў. Мы дамовіліся з гэтым чалавекам, што я ня буду называць ягонае прозвішча. Суму, абставіны, самога пасярэдніка я ня ведаю – мне дастаткова было самога факту. Гэтым людзям, хоць звярнуліся яны таемна, адказваем адкрыта: ёсць рэчы, якія не вымяраюцца грашыма», – адзначыў Павел Севярынец.

Раней супраць будаўніцтва выказалася беларуская набілянтка Святлана Алексіевіч, а вядомы ІТ-прадпрымальнік Віктар Пракапеня заклікаў байктаваць «паедзем паядзім». У сваю чаргу Аркадзь Ізраілевіч, якога газета «Новы час» назвала бізнес-партнёрам уладальнікаў рэстарацыі, ад датычнасці да гэтага бізнесу адхрысціўся. І абвінаваціў у сітуацыі сталічных чыноўнікаў:

«Ва ўсім свеце ёсць святыні. Але чаму тады дзяржава не возьме і не адгародзіць гэта? Чаму не зробленыя ахоўныя зоны? Вы там бачылі шыльды, што тут ахоўныя зоны і што там нельга? У горадабудаўнічых дакументах не было ахоўнай зоны!»

Ахоўная зона ў 2010 годзе, калі была падпісаная дамова аб будаўніцтве тады толькі «аб’екту прыдарожнага сэрвісу», праходзіла акурат пасярэдзіне сённяшняга «Паедзем, паядзім». У 2012 годзе Мінкульт і Генпракуратура заўважылі, што будуецца зусім іншы абʼект, чымся заяўлены першапачаткова і загадалі будаўніцтва спыніць. Але праз два гады ахоўную зону вакол мемарыялу зменшаць у два разы, у выніку чаго стане дэ-факта магчымым і будаўніцтва «Бульбаш-холу» – цяпер «Паедзем, паядзім» і бізнес-цэнтру, які пасля леташніх пратэстаў гэтак і не паўстаў. Нешматлікія пратэстоўцы вераць, што гэтак жа скончыцца і гісторыя гэтай рэстарацыі

«Ніхто не будуе рэстарацыі ў Хатыні, Бухенвальдзе, Асвенціме, у мемарыялах іншых краінаў, дзе масава забівалі людзей. Тут з 1930-х гадоў адстрэльвалі наш народ», – кажа грамадская актывістка Ніна Багінская.

За гэтыя амаль тры тыдні пікетавання здарылася шмат: ад наезду на актывістаў аўтам да нават непраўдзівага паведамлення пра замінаванне рэстарацыі. І да сёння ніякіх рэакцыяў з боку ўладаў не было, акрамя адміністрацыйных пратаколаў. Але ўжо заўтра раніцаю Павел Севярынец разам з паплечнікамі абмяркуе сітуацыю з намеснікам міністра культуры Аляксандрам Яцко.

Усевалад Шлыкаў, belsat.eu