Уладзімір Някляеў падарыў беларусам «Знічы кахання»

У неспакойныя часы пагрозы незалежнасці Беларусі паэт Уладзімір Някляеў падрыхтаваў для беларусаў унікальны падарунак: у вечар напярэдадні новага года аддаў у рукі чытачоў сваю новую кнігу паэзіі «Знічы кахання».

Падарунак ад самога Бога, ад сэрца, які прайшоў праз межы самых розных краінаў. Гэтак Уладзімір Някляеў кажа пра свае новыя «песні паэзіі». Кніга наскрозь – пра каханне: боскае і чалавечае.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Паэт кажа, што нават і не планаваў пісаць кнігу, а паэма «Калі мяне не стане», цэнтральная ў зборніку, спачатку была задуманая як жартаўлівая. Яе Уладзімір Някляеў прысвяціў сваёй жонцы:

«Каб мая Вольга, калі мяне не стане, знайшла гэтую паэму, прачытала і падумала: «Божа мой, во харошы ж быў чалавек, а я і не заўважала». Проста хацелася выказаць праз гэтую паэму, праз прысвячэнне ўсё найглыбокае пачуццё, якое ёсць у чалавеку, сканцэнтраваць яго ў адным энергетычным выплеску», – кажа аўтар кнігі Уладзімір Някляеў.

Кніга «Знічы кахання» складаецца з дзвюх паэмаў і сямі вершаў, аздобленая ілюстрацыямі Уладзіміра Вішнеўскага. Прэзентацыя адбылася ў межах каляднай сустрэчы «Мовы Нанова» у прасторы «Грай» і сабрала шмат аматараў творчасці паэта, а таксама ягоных сяброў. Паэт Алесь Аркуш так характарызуе аўтара кнігі:

«Някляеў сёння – адзін з найлепшых беларускіх паэтаў, можа нават найлепшы паэт Усходняй Еўропы. Таму ўражанні выдатныя. Акрамя таго Някляеў проста фенаменальна чытае вершы, ён – шыкоўны актор».

Па аўтографы да аўтара «Знічоў кахання» пашыхтавалася цэлая чарга.

«Такія мудрыя, ужо сталыя вершы, мнагаслойныя, мнагагранныя, там столькі мудрых думак».

«Я перачытваю гэтыя вершы ледзь не кожны тыдзень. Мне падабаецца. Мне здаецца, многія тэмы штодзённыя, многія – увогуле адвечныя».

«Калі аўтар сам непасрэдна ўжо чытае свой твор, гэта заўсёды атмасфера, добра», – падзяліліся ўражаннямі наведнікі імпрэзы.

Цяпер Уладзімір Някляеў працуе над раманам пра Янку Купалу. Чытачы спадзяюцца неўзабаве пабачыць кнігу.

Марыя Арцыбашава belsat.eu

Глядзі таксама