Аб'ектыў 04.06.2019 Уладзімір Макей назваў перамовы аб інтэграцыі «руціннымі»


Актыўна развіваем супрацу з Еўразвязам, які фінансуе безліч беларускіх праектаў. З Расеяй жа «вядзём руцінныя перамовы» па інтэграцыі – заявіў міністр замежных справаў. Толькі пра што менавіта вядзецца на гэтых перамовах не распавёў. Чаму за зачыненымі дзвярыма Масква і Менск вырашаюць лёс нашай краіны?

Мода на экалагічнасць прыйшла з Захаду. Ветраная электрастанцыя пад Наваградкам, азеляненне, раздзяленне смецця, роварныя сцежкі… Аб’яднаная Еўропа дапамагае Беларусі сотнямі мільёнаў еўра на сацыяльна-эканамічныя праекты.

Аляксандр Папко, палітолаг, журналіст «Белсату»:

«Таксама ёсць дапамога малому бізнесу, у галіне інфраструктуры, адукацыі, кантактаў паміж людзьмі, экалогіі. Мы бачым дзясяткі праектаў, якія пакрысе рэалізуюцца па ўсёй Беларусі».

На старонцы прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі бачым увесь спіс праграмаў і не толькі ў межах «Усходняга партнёрства». Напрыклад, такія брэнды як «Mark Formelle» ці крама дзіцячай вопраткі «Буслік» значна павялічылі свае прыбыткі праз еўрадапамогу.

Угару супраца ідзе 2,5 гады – пасля зняцця Радай міністраў Еўразвязу санкцыяў, уведзеных супраць шэрагу беларускіх дзяржслужбоўцаў і кампаніяў за паслявыбарчыя рэпрэсіі 2010 году. Палітвязняў вызвалілі, стварылі каардынацыйную групу ЕЗ-Беларусь.

«Рэгулярна сустракаюцца кіраўнікі з Беларусі і Еўропы, размаўляюць пра правы чалавека, але ў самой галіне правоў чалавека нічога не змяняецца, наадварот уводзяцца новыя абмежаванні, напрыклад, на свабоду сходаў. А пра мараторый на смяротнае пакаранне ўвогуле гаворкі няма», – тлумачыць палітолаг Аляксандр Папко.

Правы чалавека аднак застаюцца прадметам палітычнай канфрантацыі з Захадам. У сваю чаргу канфлікт вакол інтэграцыйных працэсаў маем з усходняю суседкаю – нашым асноўным крэдыторам і пастаўляльнікам энергарэсурсаў. Сацыёлаг Сяргей Нікалюк кажа:

«Сапраўдных стасункаў з Расеяй быць не можа. Яны выбудоўваліся і працягваюць выбудоўвацца па прынцыпе «нафта ў абмен на пацалункі». Дастаткова зыбучая база. А з Еўропаю і яе сістэмаю каштоўнасцяў каштоўнасці беларускай бальшыні несумяшчальныя. А тая дэмакратыя, якая ёсць у Беларусі, – цалкам імітацыйная і ў бліжэйшы час не можа змяніцца».

Дзяржаўнае стаўленне да сяброўства сёння агучыў кіраўнік МЗС Уладзімір Макей:

«Выжыць у сённяшняй сітуацыі, якая характарызуецца высокім узроўнем канфрантацыі, можна, толькі калі будзем сябраваць з усімі. І гэта нашая палітыка, адзін з асноўных прынцыпаў шматвектарнасці».

З кім маем сябраваць і на каго раўняцца – разважаюць менчукі:

«Лепш пераймаць досвед у заходніх краінаў, яны больш дасведчаныя. Але стасункі лепшыя ў нас з Расеяй, таму і адтуль пераймаем».

«Еўрапейскія краіны цікавей выглядаюць».

«Мне агулам падабаецца ідэя рускага свету, славянскага свету. Лічу, што беларусы, украінцы і расейцы маюць трымацца разам».

«Трэба браць карыснае для нас, у нашых умовах і адтуль, і адтуль».

Сяброўства – гэта браць, але і даваць узамен. У Масквы на працягу 20 гадоў бралі танныя пазыкі і энерганосьбіты. Цяпер Крэмль чакае абяцанага выканання старой інтэграцыйнай Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.

Перамовы ідуць – запэўніў Уладзімір Макей, але пра іхны змест шырокую грамадскасць улады ўсцяж не інфармуюць.

Юлія Цяльпук, belsat.eu

Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Глядзі таксама
Каментары