Улады затрымалі дзясяткі збіральнікаў подпісаў


Шматтысячныя чэргі ў падтрыманне апанентаў Лукашэнкі і больш за дзясятак затрыманых сябраў ініцыятыўных групаў. Такі вынік 18-га дня збору подпісаў. Як паводзіны ўладаў ацэньваюць звычайныя грамадзяне і праваабаронцы – у матэрыяле Аляксандра Папко.

Прынамсі 11 чалавек міліцыянты затрымалі ў Гомлі і Менску. Там ішоў збор подпісаў за апанентаў Аляксандра Лукашэнкі. Сярод затрыманых – грамадская актывістка Вольга Мікалайчык і сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец.

Чарга, што расцягнулася да плошчы Якуба Коласа, ды аўтазакі ў навакольных дварах. У такой атмасферы збіралі подпісы ля Камароўскага рынку ў Менску.

Алега Баброўскага, сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, яшчэ перад пікетам затрымалі працаўнікі ДПС. Міліцыянты забралі ў яго паўтары тысячы раней сабраных подпісаў.

«Каля паўсотні ўдзельнікаў ініцыятыўнай групы ўжо затрыманыя. Нават сёння выхапілі аднаго чалавека. Кожны дзень з ініцыятыўнай групы нехта прападае», – паведаміў Кірыл Жуковіч, сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай.

Яшчэ аднаго мужчыну схапілі на самым пачатку збору подпісаў.

«Двое бандытаў без апазнавальных знакаў, не прад’яўляючы дакументаў, схапілі чалавека, кінулі яго ў машыну – пры міліцыі, пры АМАПе! Я падышоў да АМАПу: «Хлопцы, вы каму служыце?!» – так апісаў затрыманне адзін са сведкаў.

На думку аднапартыйцаў, затрыманы – Валянцін Фралоў, сябра ініцыятыўнай групы сустаршыні БХД Вольгі Кавальковай.

«Я прашу Міністэрства ўнутраных справаў паведаміць мне як прэтэндэнту, дзе знаходзіцца сябра маёй ініцыятыўнай групы, і завесці крымінальную справу па факце выкрадання Валянціна Фралова!» – заявіла патэнцыйная кандыдатка на прэзідэнцтва.

Пакуль што Міністэрства ўнутраных справаў паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў». Па ёй праходзяць блогер Сяргей Ціханоўскі і яшчэ 9 чалавек, затрыманых 29 траўня ў Горадні.

«Тое, што адбывалася ў Горадні, тое, што стала непасрэдна фармальнай падставай для затрымання і ўзбуджэння крымінальнай справы і далейшых следчых дзеянняў па справе, – там была відавочная правакацыя», – пракаментаваў старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэту Алег Гулак.

Ці выставіць пракуратура абвінавачанні Ціханоўскаму ды ягоным паплечнікам, мы даведаемся заўтра. Артыкул, паводле якога распачалі крымінальную справу, прадугледжвае да 6 гадоў турмы.

А ўчора ўвечары ў Віцебску міліцыянты затрымалі сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай Аляксандра Мацеюка. Два тыдні таму яго ўжо каралі арыштам за ўдзел у сустрэчы з блогерам Ціханоўскім. За 18 дзён выбарчай кампаніі міліцыянты затрымалі каля пяцідзесяці чалавек. Як падкрэсліў Алег Гулак, такіх рэпрэсіяў на старце выбараў праваабаронцы яшчэ не бачылі.

Аляксандр Папко, «Белсат»