Ужо бліжэйшым часам улады нашае краіны супольна з прадстаўнікамі Рады Еўропы плануюць распрацаваць адпаведную дарожную мапу. Што нам можа даць гэткая рэформа ды як да яе рыхтавацца?
Чатыры асобы летась і ўжо дзве сёлета – расстраляныя імем дзяржавы праз законны смяротны прысуд. Хаваюць пакараных употай, дакладную іх лічбу грамадскасці не паведамляюць.
Беларусь дапускае ўвядзенне мараторыю на выкананне вышэйшай захады ці нават яе скасаванне, заявіла сёння прадстаўніца Гендырэктарату правоў чалавека і захавання законнасці Рады Еўропы Тат’яна Тэрмачыч.
«Пакуль гаворка ідзе аб выпрацоўцы з беларускімі ўладамі сумеснай дарожнай карты па адмене пакарання смерцю. Ці трансфармуецца гэта далей у канкрэтныя медыйныя кампаніі – пабачым пазней», – дадала Тэрмачыч.
Канферэнцыя «Грамадская думка і смяротнае пакаранне» аб’яднала сёння ў Менску прадстаўнікоў Еўропы, дзяржорганаў і грамадскай супольнасці.
«Асноўная мэта ў нас не агітацыя, а інфармаванне грамадзянаў па гэтай тэме. Але што я магу адназначна сказаць, што лічба прыхільнікаў смяротнага пакарання зменшылася ў нас у краіне. З 1996-га году ўжо мінула 23 гады», – кажа Аляксандр Маркевіч з Камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве.
У 1996 годзе адбыўся Рэферэндум, які пакінуў смяротнае пакаранне ў сіле. Цягам гэтых 23 гадоў змянілася два пакаленні, а дзяржава выканала 199 прысудаў. Кампанія «Satio» на замову айчынных праваабарончых арганізацыяў правяла сёлета ў красавіку апытанне ў сярэдненаселеных беларускіх гарадах: «цвёрда за» смяротнае пакаранне выказаліся 31 %, і яшчэ 40 % – «хутчэй за». Праціўнікаў жа агулам 27 %. Ці патрэбны чарговы Рэферэндум у гэтым пытанні?
«Нейкія пытанні мусяць і павінныя выносіцца на Рэферэндум, але смяротнае пакаранне – дакладна не тая тэма, бо грамадская думка на гэты конт вельмі зменлівая і эмацыйная», – кажа старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэту Алег Гулак.
Залежыць яна ад крыніцаў, праз якія суайчыннікі чуюць аб смяротным пакаранні. Замест паказваць «смяротныя» прысуды ў стылі «было за што», прадстаўнікі еўрапейскай супольнасці заклікаюць медыі згадваць пра негуманнасць і неэфектыўнасць гэтага тыпу пакарання, а таму патрэбу прыбраць яго з заканадаўства.
«Калі гэты крок будзе зроблены, гэта палепшыць стасункі і здыме шмат прэтэнзіяў, якія мае да Беларусі Еўрапейская супольнасць», – дадае Гулак.
Наяўнасць кары не дазваляе Беларусі прэтэндаваць на чалецтва ў Радзе Еўропы, псуе палітычны ды інвестыцыйны клімат краіны.
Юлія Цяльпук/«Белсат», фота анонсу – Васіль Фядосенка/Reuters/Forum