Аб'ектыў 24.08.2018 Улады вырашылі пазбавіць прафсаюз лідараў


Чатыры гады гэтак званае «хатняе хіміі», спагнанне больш за сарака сямі тысячаў рублёў на карысць дзяржавы і забарона займаць кіроўныя пасады цягам найбліжэйшых пяці гадоў. Такі вырак пачулі лідар прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч і бухгалтар арганізацыі Ігар Комлік у судзе Савецкага раёну. Асуджаныя духам не падаюць.

«Вынесенае судом рашэнне – гэта ні што іншае, як выдадзены нам медаль за абарону людзей. То бок улады баяцца з намі сутыкнуцца ў адкрытай барацьбе без абмежавання нашае свабоды», – кажа Ігар Комлік, галоўны бухгалтар менскай арганізацыі РЭП.

Ігар Комлік і Генадзь Фядыніч, паводле абвінаваўчага боку, незаконна адкрылі рахунак у адным з літоўскіх банкаў, куды ў 2011 годзе нібыта паступіла больш за 140 тысячаў еўраў. Пракурор патрабаваў большага пакарання: канфіскацыі маёмасці, пяці гадоў хатняе хіміі ды ўсё тую ж забарону займаць кіроўныя пасады. Відавочна, што апошні пункт быў галоўны.

«Патрабаванне, каб Фядыніч і Комлік не маглі займаць кіроўныя пасады, было галоўнаю мэтаю ўсяго гэтага судовага працэсу. Бо гэтыя людзі набылі аўтарытэт і арганізацыйныя магымасці – падчас барацьбы з дэкрэтам аб дармаедах», – кажа метадолаг Уладзімір Мацкевіч

Ці атрымаецца такім чынам спаралізаваць працу арганізацыі?

Дзясяткі сяброў прафсаюзу, якія прыйшлі падтрымаць сваіх лідараў на судзе, упэўненыя, што не.

«Баяцца ніхто не будзе, і дзейнасць РЭПу працягнецца ў тым жа рэжыме і з улікам таго, наколькі гэты прысуд прыцягнуў увагу грамадства – гэта стане толькі піарам», – мяркуе сябра прафсаюзу Алеся Садоўская.

«Нашаму прафсаюзу проста хочуць закрыць рот. Мы не згодныя, будзем абскарджваць прысуд далей. Мы рабілі, дапамагалі людзям і будзем дапамагаць далей», мяркуе сябра прафсаюзу Зінаіда Міхнюк.

На судзе стала вядома і аб ціску на сведкаў, якія адзін за адным адмаўляліся ад уласных словаў, і аб праслухоўванні тэлефонаў абвінавачаных ужо падчас судовага працэсу, а экс-бухгалтарка арганізацыі Юлія Юхнавец апынулася… платнаю агенткай КДБ. Усё гэта не выклікае даверу да суда ў замежных назіральнікаў.

«Мы ўпэўненыя, што ўсё, што яны зрабілі – дык гэта баранілі правы працоўных у гэтай краіне. І мы ўпэўненыя, што няма такой краіны на свеце, дзе б такі ўчынак лічыўся злачынствам», – кажа Кемаль Азкан, намеснік генсека глабальнага прафсаюзу «IndustiALL».

Асабліва ўлічваючы доказную базу абвінавачання, дадаюць адмыслоўцы.

«З майго гледзішча, гэта прававы казус, бо, хоць абвінавачанне датычыла 2011–2012 гадоў, 90–95 % сведкаў былі апытаныя аб эпізодах, што датычылі 2016 і нават 2018 года, што ўжо па сваёй сутнасці недапушчальнае», – заўважае праваабаронца Андрэй Бандарэнка

Менавіта прафсаюз РЭП быў адным з галоўных арганізатараў пратэстаў супраць гэтак званага падатку на дармаедаў у 2017 годзе. Акцыі пратэсту ахапілі ўсю краіну, і ў выніку ўлады былі вымушаныя пайсці на саступкі. Незалежны прафсаюзніцкі рух дапамагае тысячам працоўных. А што іхныя дзяржаўныя калегі? Не кожны і ведае пра іхную дзейнасць.

А вось як выказваюцца жыхары Менску:

«Катэгарычна не падабаецца, яшчэ пасля Саўдэпіі… ну хіба толькі незалежныя прафсаюзы».

«Ну я плачу ўнёскі. Што яны робяць, я не ведаю – сама дакладна ніякай карысці ад іх не маю».

«Я работаю на АНТ – грамадскае тэлебачанне. І я сябра прафсаюзу, ведаю, чым ён займаецца. Яны, карацей, дапамагаюць, калі ў людзей ёсць дзеці – яны выдзяляюць пэўныя сродкі».

«Нічога не робяць (прафсаюзы – заўв.)! Чаму? Не ведаю, у іх спытайце».

Некалькі дзясяткаў чалавек сёння прыйшлі да адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваннем прыпыніць пераслед незалежнага прафсаюзу.

Паводле Міколы Статкевіча, гэты суд – толькі частка небяспечнага працэсу ў Беларусі.

«Ніколі не чапалі незалежных прафсаюзаў, не судзілі іх. Там больш паводле абвінавачання ў нейкай салідарнай дапамозе. Не даказанай тым больш. Ніколі не чапалі ні тутбай, ні белапан, ні белсат. А цяпер мы прыйшлі да лібералізацыі, саджаюць журналістаў, давялі да смерці, забілі Алеся Ліпая…», – кажа Мікола Статкевіч.

Нібыта як пацверджанне ягоных словаў, калі дзеля падтрымання асуджаных актывісты разгарнулі бел-чырвона-белыя сцягі, каля будынку суду з’явіўся чырвоны аўтобус, поўны амапаўцаў. Затрымалі Міколу Статкевіча і яшчэ сямёх актывістаў.

За дзень да суда мы размаўлялі з Генадзем Фядынічам, які не сумняваўся тады, чым скончыцца судовая справа. Лідар прафсаюзу быў гатовы да гэтага яшчэ падчас леташняга вобшуку на сядзібе арганізацыі.

«Мне, як сябру прафсаюзу, скажу шчыра – па барабану, якая там у мяне пасада. Абы была галава і людзі падтрымлівалі тое, што мы робім. Можаце сёння знішчыць Фядыніча, прафсаюз вы не знішчыце», – заявіў лідар прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч.

Сёння лідар прафсаюзу толькі паўтарыў гэтыя словы, паабяцаўшы змагацца за правы рабочых, пакуль існуе арганізацыя.

Усевалад Шлыкаў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары