Народ абураецца, апазіцыя народны гнеў накіроўвае, прынамсі, у два рэчышчы: збірае подпісы за адмену дэкрэту аб дармаедстве ды рыхтуе пратэставыя акцыі недармаедаў. Цяпер некаторыя абʼяднанні падводзяць вынікі збору подпісаў, а іншыя ладзяць яркія флэшмобы.
У гэтым перакананыя актывісты грамадскага аб’яднання «Альтэрнатыва». Калі ўлады патрабуюць грошы з тых, хто іх не зарабляе, то чаму не браць з усіх ды за ўсё: за паветра і сонца, снег і дождж?
Флэш-моб альтэрнатываўцаў выклікаў вялікую цікаўнасць і падтрыманне людзей, якія выказвалі сваё абурэнне і прапановы новых абсурдных, але не для ўладаў Беларусі, падаткаў.
«Пра што вы не можаце падумаць, на тое і могуць быць падаткі», – жартаўліва зазначыў адзін з жыхароў Менску.
Нават супрацоўнікі МУС, якія прыйшлі перапісаць звесткі арганізатараў акцыі, уважліва глядзелі ды нават ківалі галовамі на знак згоды.
Першыя акцыі супраць дэкрэту адбыліся яшчэ 20 месяцаў таму, але менавіта цяпер пратэставыя настроі ўзмацніліся. У сталіцы ды рэгіёнах людзі без боязі абураюцца, з задавальненнем пакідаючы подпісы за адмену дэкрэту аб дармаедстве.
Але і ўлады ўзмацняюць захады, каб зменшыць праявы людское незадаволенасці.
«Бюджэтная сфера (райздравы, райано) збіраюць дырэктараў і гавораць: «Правядзіце працу, каб людзі ні ў якім разе не падпісваліся супраць дэкрэту», – распавядае Генадзь Фядыніч, старшыня беларускага прафсаюзу «РЭП».
У Бабруйску Аркушы з тысячаю подпісаў былі сканфіскаваныя, а падпісантаў абтэлефанавалі. Актывістка, якая збірала гэтыя подпісы, меркавала, што тэлефанаванне з міліцыі напалохае людзей, але выявілася, што ніводзін чалавек не адмовіўся ад свайго подпісу!
«У мяне міліцыя забрала іх у суботу і вярнулі толькі ўчора позна ўвечары і сёння я з імі прыехала ў Менск», – кажа Галіна Смірнова, прадстаўніца прафсаюзу РЭП.
Рэгіянальныя прадстаўнікі незалежнага прафсаюзу РЭП ужо заўтра перададуць сабраныя іхнай арганізацыяй 25 тысяч подпісаў у дзяржаўныя ўстановы.
Гэтак, пад яе петыцыяй падпісаліся без малога 60 тысячаў чалавек, на гарадскіх вуліцах актывісты сабралі яшчэ 10 тысяч подпісаў. І на гэтым збор не канчаецца, як сцвярджаюць актывісты, ахвочых падпісацца з кожным днём становіцца ўсё болей.
Вольга Старасціна, «Белсат»