Улады ўключылі судовы канвеер


Штрафамі і соднямі караюць сотні ўдзельнікаў акцыяў пратэсту, якія не сціхаюць з суботы. Што адчуваюць людзі, якіх упершыню закранулі рэпрэсіі ўладаў? Ці ўдаецца іх запалохаць? Распавядзе Аляксандр Папко.

Суд Ленінскага раёну Берасця. Тут суддзя Святаслаў Каліна пакараў соднямі чацвярых берасцейцаў, затрыманых у нядзелю. Галіне Ягоравай ён даў тры дні арышту за тое, што яна спрабавала абараніць ад затрымання свайго сына.

«Зрабілі перапіс маёмасці, распранулі дагала. Расказваць магу вельмі доўга, але ўсё гэта вельмі прыніжальна, страшна, сорамна! Нашая сістэма чарговы раз паказала, на якім дне мы жывем! Такога я ніколі не бачыла. Я ведала, што ў нас усё дрэнна, але не думала, што да такой ступені!» – абураная жанчына.

Штрафам 1080 рублёў суддзя пакараў пенсіянерку Алену Гнаўк. Яе затрымалі ўжо другі раз, пасля таго, як спадарыня Алена правяла 18 дзён у ізалятары. Са словаў жанчыны, яе абвесцілі падазраванай у крымінальнай справе аб «падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

«Вінаватай я сябе не прызнала. На судзе я заявіла, што вінаватым лічу нелегітымнага прэзідэнта Лукашэнку, які давёў народ да таго, што той вымушаны выйсці на вуліцы, а таксама адміністрацыю Берасця, якая не дала дазволу на волевыяўленне грамадзянаў!» – цвёрда кажа спадарыня Алена.

Падчас нядзельнага Маршу салідарнасці ў Берасці затрымалі больш за шэсцьдзесят чалавек. А крымінальную справу распачалі за падзеі 13 верасня, калі берасцейцы вадзілі на дарозе карагод. Каб іх разагнаць, улады ўжылі вадамёт.

«Тое, што людзі пайшлі па праезнай частцы, я не лічу крымінальным злачынствам. У нас улады рэгулярна ладзяць мерапрыемствы, калі перакрываюць рух у горадзе, прычым перакрываюць на цэлы дзень, а то і на некалькі дзён. І ніхто не пытае ў людзей, ці замінае ім тое, што транспарт не ходзіць», – здзіўлены праваабаронца Уладзімір Вялічкін.

А ў Віцебску суддзя Кастрычніцкага раёну Уладзімір Царыкаў асудзіў пенсіянерку Раісу Кухто за ўдзел у пяці маршах пратэсту. Былая настаўніца мусіць сплаціць 648 рублёў штрафу.

«Я жыву на маленькую пенсію і лічу, што нічога дрэннага не зрабіла. Я выступіла супраць гвалту, выйшла з плакатам «Пенсіянеры супраць гвалту», а таксама з канстытуцыяй, дзе прапісаныя правы!» – распавядае спадарыня Раіса.

Затрыманага ў нядзелю віцебскага журналіста Змітра Казакевіча адпусцілі толькі сёння, справу ж супраць яго суддзя адправіў на дапрацоўванне.

«Пратаколы былі складзеныя настолькі неахайна, настолькі брудна! І па фактуры, і па часе затрымання там усё не супадае з тым, што было насамрэч!», – каментуе Зміцер Казакевіч.

На свабоду пасля 72 гадзінаў за кратамі выпусцілі і прафесара Алеся Краўцэвіча. Яго аштрафавалі на 10 базавых, або 270 рублёў.

«Галоўнае памкненне Лукашэнкі – паказаць карцінку цішыні. Я не адчуваў сябе там нейкай эксклюзіўнай асобай. Да мяне ставіліся, як да ўсіх. Аднак я папярэджваў, што мяне прыйдуць падтрымаць. І вось тое, што сабралася група людзей, для іх ужо кара!» – смяецца прафесар гісторыі.

Падчас Маршаў салідарнасці, якія прайшлі па краіне ў нядзелю, былі затрыманыя больш за 300 чалавек. Паводле праваабаронцаў, арыштамі ды штрафамі ў адным толькі Менску за гэтую акцыю пакаралі каля ста чалавек.

Аляксандр Папко, «Белсат»