Улады ціснуць, берасцейцы не здаюцца

Нядзеля, раніцай сюды, да сценаў ІЧУ, прыйшлі берасцейцы, каб сустрэць актывістаў, якія адсядзелі пятнаццаць содняў за акцыю супраць акумулятарнага заводу.

 

«Мы прыйшлі, каб сустрэць Аляксандра Кабанава, якога павіны выпусціць у 7:30, а потым і іншых нашых хлопцаў, якія былі на плошчы і выказвалі свае думкі», – кажа Зміцер, праціўнік заводу.

Але ні праз гадзіну, ні праз тры Аляксандра Кабанава і Дзмітрыя Андрасюка не выпусцілі. У ізалятары сваякам адказалі, што арыштаваных у іх няма. Актывісты знайшліся толькі пасля абеду: Кабанава вывезлі за 200 км ад гораду, Андрасюка трымалі ў Ленінскім РАУСе.

Але нягледзячы на рэпрэсіі і эпідэмію каронавіруса берасцейцы зноў выйшлі на плошчу. Гэтым разам пакарміць птушак на пляц прыйшлі каля 250 чалавек. Людзі былі моцна абураныя дзеяннямі сілавікоў.

«Не закрыеце вы нам рот, разумееце, што б вы ні рабілі, чым больш будзеце закрываць рот, тым больш будзе гэты рот адкрывацца. Пара вам ужо зразумець: не здамся ні я, ні гэтыя людзі, якія за мной стаяць. Мы выходзілі і будзем выходзіць», – кажа Уладзімір Мароз, праціўнік заводу.

У мінулым месяцы акумулятарны завод «АйПаўэр» атрымаў спрыяльныя высновы экалагічнай экспертызы. Актывісты зразумелі, што прадпрыемства хочуць запусціць любым коштам, і ўключылі ў свой пратэст палітычныя патрабаванні. Ці дало гэта плён, ці не, невядома, але Галоўдзяржбудэкспертыза прыпыніла дзеянне свайго заключэння да выпраўлення супярэчнасцяў.

«Я думаю, яны хацелі ўзяць нахрапам, адкрыць завод нягледзячы на тое, што мы тут збіраемся, яны хацелі закрыць нам раты, але ў іх гэта не атрымалася. Завод яны пабаяліся запускаць, бо ўбачылі рэакцыю па наведванні плошчы». – выказвае меркаванне Уладзімір Мароз, праціўнік заводу.

Колькасць удзельнікаў пратэсту павялічваецца, у адказ улады павялічваюць колькасць сілавікоў у цывільным. Гэтым разам іх было болей, чым звычайна. Пасля сённяшняй акцыі затрымалі яшчэ аднаго з удзельнікаў.

«Берасце – такі эпіцэнтр, дзе ўжо некалькі гадоў працягваецца змаганне. І людзі нават нягледзячы на эпідэмію каронавіруса ўсе роўна працягваюць выходзіць, бо яны разумеюць, што тыя эксперыменты, што ставіць улада ў маштабах аднаго гораду, перанесеныя ў маштабы ўсёй Беларусі», – распавядае Юрый Губарэвіч, лідар Руху «За Свабоду».

Заўтра на свабоду пасля 15 дзён арышту мае выйсці яшчэ адзін актывіст, Дзмітрый Бекалюк.

Алесь Ляўчук, «Белсат»

Глядзі таксама