Улады трымаюць за кратамі 5 журналістаў «Белсату»


Сёння ў свеце адзначаюць Міжнародны дзень тэлебачання. Прафесійнае свята сёлета пяцёра нашых калегаў вымушана сустракаюць за кратамі. Гэта Кацярына Андрэева, Дар’я Чульцова, Аляксандр Сідарэўскі, Арцём Лява і Яўген Шапчыц. Агулам жа ў Беларусі зняволеныя два дзясяткі незалежных журналістаў. Гэтак улада спрабуе перашкодзіць распаўсюду інфармацыі. Аднак, нягледзячы на адміністратыўны і нават крымінальны пераслед, мы працягваем штодня распавядаць пра падзеі ў Беларусі.

Журналістку «Белсату» Кацярыну Андрэеву, якой напярэдадні выставілі абвінавачанне паводле крымінальнага артыкулу, сёння ўначы перавялі ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна.

«Мне распавялі, што калі ноччу яна заходзіла ў камеру ІЧУ – у яе на твары была ўсмешка. То бок яна ў добрым псіхалагічным стане, добра сябе адчувае і гатовая да таго, каб змагацца і перамагаць», – кажа муж Кацярыны Андрэевай Ігар Ільяш.

Кацярыну вінавацяць у арганізацыі беспарадкаў. Мера стрымання – два месяцы арышту. Муж журналісткі ўпэўнены: гэта помста ўладаў за прафесійную дзейнасць.

«Гэта быў абсалютна свядомы для Каці выбар, абсалютна свядомае рашэнне заставацца ў краіне і да апошняй магчымасці выконваць свае прафесійныя абавязкі. І рабіла яна гэта ў тым ліку таму, што сапраўды верыць у беларусаў, у беларускае грамадства», – гаворыць Ігар.

Кацярыну Андрэеву разам з аператаркай Дарʼяй Чульцовай затрымаў спецназ у мінулую нядзелю пасля стрыму з плошчы Пераменаў, на якім абаронцы мемарыялу Раману Бандарэнку супрацьстаялі сілавікам. Для затрымання ў кватэры, з якой журналісткі вялі рэпартаж, выламалі дзверы.

Сёння ж стала вядома, што Дарʼю Чульцову таксама перавялі ў ізалятар на Акрэсціна. Але з Кацярынай іх пасадзілі ў розныя камеры.

Сваё прафесійнае свята – Усясветны дзень тэлебачання – за кратамі сустракаюць яшчэ трое нашых калегаў: Аляксандр Сідарэўскі, Арцём Лява і Яўген Шапчыц.

«Я хацеў бы ў першую чаргу выказаць ім падтрымку і сказаць вялікі дзякуй за тое, што яны робяць. І вельмі спадзяюся, што ім не прычыняць вялікай шкоды».

«Пажадаю ім перадусім моцы, каб вытрываць тое, што выпала на іх долю».

«Трымайцеся, змагайцеся, можа, праўда ўсё ж пераможа».

«Мужнасці ім», – падтрымліваюць журналістаў менчукі.

Агулам за кратамі цяпер утрымліваюцца 20 незалежных журналістаў.

«Так званая ўлада проста хоча, каб у краіне ўсё было ціха. І каб нічога не выходзіла вонкі. Вось і ўсё».

«Адзін з журналістаў TUT.by выказаў добрую думку: калі прыбраць з інфармацыйнай прасторы альтэрнатыўныя СМІ, яны знікнуць – тады людзі будуць чэрпаць інфармацыю з радыкальных крыніц. І гэта радыкалізацыя грамадства, радыкалізацыя інфармацыі, якая трапляе. Таму я лічу, што гэта вялікая памылка ўлады – прыбіраць журналістаў», – кажуць менчукі.

Сёння ж ноччу пасля пяцігадзіннага затрымання з Першамайскага РАУС адпусцілі аператара «Белсату» Вячаслава Лазарава. З пратаколам за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Хаця ніякага мерапрыемства не было. Затрымалі Вячаслава, калі ён размаўляў са сваімі знаёмымі ў аўтамабілі.

«Калі затрымліваюць без аніякай прычыны, законнасць дзеянняў супрацоўнікаў я не магу растлумачыць ніяк. Відаць, быў указ нейкі зверху, каб нейтралізаваць працу журналістаў, не даць ім выходзіць на мітынгі і асвятляць падзеі», – кажа Вячаслаў Лазараў.

Аўтамабіль Лазараву не аддалі – будуць правяраць на сапраўднасць ідэнтыфікацыйны нумар. У машыне засталася прафесійная апаратура.

Анастасія Русецкая, «Белсат»