Аб'ектыў 08.12.2018 Улады прыдумалі, як утаймаваць экалагічныя пратэсты


Улады стаміліся ад экалагічных пратэстаў? Гатовая да разгляду ў Палаце Прадстаўнікоў новая рэдакцыя Закону «Аб ахове навакольнага асяроддзя». З яе выкінулі нашае права супрацьстаяць будаўніцтву пад нашымі вокнамі шкодных заводаў. Пакінулі толькі магчымасць скардзіцца на ўжо збудаваныя плошчы. Юлія Цяльпук – пра тое, як абараніць правы на чыстае паветра.

Частка другая артыкулу 100 Закона «Аб навакольным асяроддзі» дае магчымасць грамадзянам і экалагічным аб’яднанням падаваць пазоў супраць гаспадарчай дзейнасці, якая шкодзіць навакольнаму асяроддзю ці стварае такую небяспеку ў будучыні. Чыноўнікі хочуць выкінуць гэтую норму з Закону, што супярэчыць Орхусскай канвенцыі.

«Канвенцыя пазіцыянуецца на трох кітах: доступ грамадзянаў да экалагічнай інфармацыі, магчымасць грамадзянаў уплываць на экалагічна значныя рашэнні і асноўная частка – гэта доступ да правасуддзя ў экалагічных пытаннях. Вось гэтую частку – доступ да правасуддзя – цяпер з Закону прыбіраюць. То бок фактычна Орхусская канвенцыя разбураецца», – кажа эколаг у галіне прамысловасці Ксенія Снапко.

Кіраўнік Беларусі падпісаў канвенцыю 17 гадоў таму. Тады большых экалагічных дыскусіяў у нашай краіне і не было. Затое цяпер – развіццё інтэрнэту і экалагічнай адукацыі змяніла перспектыву. Пратэставалі супраць Атамнай АЭС пад Астраўцом. Пратэсты атачылі будаўніцтва заводу вытворчасці беленай цэлюлозы і рэканструкцыю ТЭЦ пад Светлагорскам. Няма спакою дзяржаўным эколагам і падчас узвядзення берасцейскага Заводу вытворчасці свінцовых акумулятараў. Жыхары лістуюць і праводзяць маўклівыя пратэсты. Скандалам суправаджаецца будаўніцтва холдынгам «Амкадор» новага заводу спецмашынаў у ваколіцах прысталічнага аграгарадка Калодзішчы, жыхары якога звярталіся ў суд.

«Суд пайменаваны наўпрост як орган, паўнамоцны разглядаць такія спрэчкі, звязаныя з прадастаўленнем/не прадастаўленнем экалагічнай інфармацыі. І ня гледзячы на гэта, суд не разглядае гэтыя спрэчкі. Кропка ў гэтай справе не стаіць. Жыхары падрыхтавалі скаргу, яна была прынятая судом», – кажа юрыстка Вольга Беляўцова.

Бо калі не суд, то хто будзе разглядаць спрэчкі вакол экалагічна небяспечных канвеераў?

«Грамадзяне, нават у галіне простага экалагічнага інфармавання не могуць ад вось гэтых органаў атрымаць праўдзівую экалагічную інфармацыю. Я кажу пра органы дзяржаўнай экалагічнай экспертызы, я кажу пра органы дзяржаўнай будаўнічай экспертызы», – дадае Беляўцова.

Цяпер на скаргі мусяць рэагаваць уладныя дэлегацыі: абяцаць людзям чыстае паветра, працоўныя месцы і тоўсты мясцовы бюджэт. Як пазбегчы такой неабходнасці?

«Можна змяніць законы, каб у людзей знікла самая магчымасць пратэставаць, выказваць свой пункт гледжання ў судах і нечага патрабаваць. Але зноў жа – у нас застаюцца міжнародныя суды, якія для грамадзянаў Беларусі пакуль ніхто не адмяняў».

Застаецца таксама і надзея, што Палата Прадстаўнікоў не ўхваліць новай рэдакцыі Закону. Хоць зазвычай – што легла на іхны стол, тое падпісана.

Юлія Цяльпук; фота – Віктар Драчоў/ТАСС/Forum

Глядзі таксама
Каментары