Улады помсцяць Еўразвязу


Новая дыпламатычная вайна. Еўразвяз уводзіць санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў і сілавікоў. Менск – адклікае амбасадараў з Літвы і Польшчы ды выступае за скарачэнне колькасці літоўскіх і польскіх дыпламатаў. Літва на гэта не пагаджаецца.

МЗС Беларусі скасавала рэгістрацыю замежных медыяў і адклікала амбасадараў з Літвы ды Польшчы. Колькасць дыпламатаў з гэтых краінаў Менск загадаў скараціць удвая.

«Атрыманне візаў стане цяжэйшым. Сёлета будзе рэкордны год у скарачэнні колькасці шэнгенскіх візаў – і з прычыны каронавіруснай эпідэміі, і з прычыны дыпламатычнага канфлікту», – прагназуе аналітык «EAST Center» і «ISANS» Андрэй Елісееў.

640 тысячаў шэнгенскіх візаў летась атрымалі нашыя суайчыннікі. 70 адсоткаў ад гэтага ліку выдалі консульствы Польшчы ды Літвы. Скараціць іх персанал Менск загадаў у той самы дзень, калі Еўразвяз ухваліў санкцыі супраць 32-ух высокапастаўленых міліцэйскіх чыноўнікаў і 12 чальцоў Цэнтрвыбаркаму.

«Гаворка пра спіс з сарака асобаў. Хацеў бы паўтарыць: мы лічым, што толькі народ Беларусі мае права вызначаць сваю будучыню!» – заявіў прэзідэнт Рады Еўразвязу Шарль Мішэль.

Міністэрства замежных справаў Беларусі адрэагавала на гэты сігнал эмацыйным тэкстам:

«Санкцыі ўведзеныя як кара па сутнасці за тое, што Беларусь не пайшла на выкананне набору ўльтыматыўных патрабаванняў, задавальняць якія не стала б ні адна суверэнная дзяржава, якая паважае сябе», – паведаміла Міністэрства замежных справаў Беларусі.

Спыніць ґвалт, вызваліць затрыманых ды палітзняволеных, паважаць грамадзянскія свабоды і свабоду СМІ ды пачаць дыялог з грамадствам – такія патрабаванні выставілі лідары Еўразвязу афіцыйнаму Менску. Ці сапраўды Брусель увёў санкцыі несправядліва?

«Асабіста маё меркаванне: я думаю, справядліва!»

«Трэба было ўвесці яшчэ супраць нашага прэзідэнта, каб ніводзін чыноўнік не выязджаў з краіны».

«Незаконна! Бо за Лукашэнку галасавала большасць, а за Ціханоўскую – вельмі мала!» – выказваюцца жыхары Віцебску.

Рашэнне Еўразвязу МЗС Беларусі назвала цынічным і бяздушным. Менск нават прыгразіў спыніць дыпламатычныя стасункі.

«Калі спыняць працу консульствы Літвы і Польшчы, якія выдаюць абсалютную большасць шэнгенскіх візаў, то, вядома, гэта надзвычай ускладніць выдачу шэнгенскіх візаў. Яны будуць вымушаныя звяртацца да іншых краінаў Шэнгену, якія маюць консульствы, або ехаць у суседнюю Украіну», – папярэджвае Андрэй Елісееў.

Сярод чыноўнікаў, якім Еўразвяз забараніў уезд і чыю маёмасць замарозіў, апынуліся Лідзія Ярмошына ды Юрый Караеў. Аляксандра Лукашэнку ў чорны спіс не залучылі. Як патлумачыў прэзідэнт Францыі, зроблена гэта, каб Лукашэнка меў магчымасць сесці за стол перамоваў у справе перадачы ўлады.

«Гэтыя санкцыі, я думаю, неканчатковыя, і гэты спіс будзе пашырацца. Калі параўноўваць гэты спіс з папярэднім, у якім знаходзіліся больш за 200 чалавек, то цяперашні спіс недастаткова значны, каб на нешта паўплываць», – мяркуе аналітык BISS Кацярына Шмаціна.

Санкцыі Захаду будуць нарастаць, а выйсці з супрацьстаяння паміж грамадствам і ўладаю можна толькі праз перамовы. Сітуацыю ў краіне падчас онлайн-брыфінгу пракаментавалі Святлана Ціханоўская і сябры прэзідыуму Каардынацыйнай рады.

«Мы настойваем на эканамічных санкцыях, а дакладней – на індывідуальных эканамічных санкцыях – супраць бізнесаў, якія падтрымліваюць дыктатуру. І такія санкцыі, я ўпэўненая, ужо абмяркоўваюцца ў шэрагу краінаў», – паведаміла экс-кандыдатка на прэзідэнцтва Святлана Ціханоўская.

Да пашырэння чорнага спісу рыхтуецца і Вашынгтон. Камітэт замежных справаў Кангрэсу зацвердзіў законапраект, які прапануе ўвесці санкцыі супраць расейскіх грамадзянаў, якія займаюцца здушэннем пратэстаў у Беларусі, не прызнаваць інтэграцыі Беларусі ў «саюзную дзяржаву» з Расеяй, а таксама высветліць, дзе захоўваюцца фінансы Лукашэнкі.

«Любыя санкцыі Захаду цяпер не маюць вялікага значэння. Дакладней, яны не маюць значэння да тае пары, пакуль расейскі рэжым, то бок Крэмль, падтрымлівае Лукашэнку», – зазначыў аналітык Віленскага інстытуту палітычнага аналізу Марус Лаўрынавічус.

Менск абвесціў пра стварэнне ўласнага чорнага спісу, праўда, агучыць яго адмовіўся. Антызаходні санкцыйны спіс пачынае аўтаматычна ўжывацца і ў Расейскай Федэрацыі – ужо заявіла расейскае МЗС.

Аляксандр Папко, «Белсат»