Улады не стрымалі слова і зноўку вырубаюць дуброву пад Горадняй


Два гады таму жыхары вёскі Путрышкі пад Горадняй змаглі прыпыніць вырубку дубровы, што абараняла іх ад шкоднага прадпрыемства і набліжэння гарадзенскіх могілак, у тым ліку і з дапамогаю працы нашых журналістаў. Але абяцанне ўлады парушылі.

Высякаць дубровы ля вёскі Путрышкі каля Горадні пачалі два гады таму, каб пашырыць гарадзенскія могілкі Аульс. Тады мясцовыя жыхары разам з незалежнымі эколагамі і журналістамі здолелі спыніць знішчэнне дрэваў. Але сёлета дуброву пачалі высякаць зноўку.

«Бачыце, што гэта нічым не канчаецца. Як было запланавана пад могілкі 20 гектараў пад вырубку, так яно і адбываецца» – кажа мясцовы жыхар Пётр.

«Застаецца на душы асадак з-за таго, што ўлады паабяцалі, а сваё абяцанне не выканалі, маючы агромністы рэсурс уздзеяння і рэсурс для таго, каб вось гэта ўсё спыніць. А мы як жыхары, не маючы такога рэсурсу, баімся, бо навісла пагроза над здароўем нас і нашых дзяцей» – падтрымлівае мясцовая жыхарка Святлана.

У гарадскім ЖКГ журналістам адказваюць, што маюць усе дакументы на пашырэнне могілак, а працы вядуцца згодна з заканадаўствам. Праверыць жа законнасць перадачы земляў гарадзенскаму ЖКГ мае Камітэт дзяржкантролю па Гарадзенскай вобласці, куды звярнуліся мясцовыя жыхары. Звярталіся вяскоўцы і да старшыні аблвыканкаму – у сярэдзіне чэрвеня, але да сёння адказу няма.

«У 2018 годзе, калі пачаўся першы этап вырубкі дубровы, калі мы з мясцовымі жыхарамі былі на прыёмах у вельмі высокіх кабінетах, нам адназначна было абяцана спыніць далейшую вырубку дубровы – раз. Другое – абраць пляцоўку пад развіццё могілак – два. Распачаць падрыхтоўкі пад пабудовы крэматорыю – тры. І нарэшце даць пітную ваду жыхарам Путрышак – чатыры. Ніводнае з абяцанняў не было выкананае», – кажа старшыня грамадскай арганізацыі «Экаманіторынг».

Да праблемы з пітною вадою спрычыніліся ўсё тыя ж могілкі. Некропаль месціцца вышэй за вёску, а таму падчас дажджоў уся вада з месцаў пахавання цячэ ў вясковыя падворкі і калодзежы, кажуць мясцовыя жыхары.

«Выканаўчыя ўлады нам кажуць, што ўсё законна, мы не парушалі ніякіх заканадаўчых актаў, згодна з законам РБ «Аб пахаванні і пахаваўчай справе» адлегласць мусіць быць 500 метраў паміж месцам пахавання і населеным пунктам. Мясцовыя жыхары мералі гэтую адлегласць – атрымалася 320 крокаў, якія не складаюць аднаго метра» – распавядае мясцовая актывістка Святлана Петушок.

Цяпер вяскоўцы чакаюць адказаў на свае звароты і спадзяюцца, што ўлады іх пачуюць ды прыпыняць высяканне дубровы. Бо лес не толькі аддзяляе вёску ад могілак, але і ўвесь горад – ад прамысловага гіганта «Горадня-Азот».

Мікола Дзямідаў, «Белсат»