Аб'ектыў 31.08.2019 Улады Менску не дазволілі іпэшнікам вярнуць у сталіцу кіёскі


«Табакерка» у раёне менскай вуліцы Мірашнічэнкі. Фота даслаў чытач

«Табакеркам» – можна, іншым – нельга! Так чыноўнікі Менскага гарадскога выканаўчага камітэту адказалі прадпрымальнікам, якія прасілі вярнуць на вуліцы сталіцы кіёскі. Маўляў, агулам гэта і не Менгарвыканкаму справа, пытаннем кіёскаў займаецца «Белдзяржхарчпрам» у адпаведнасці з інвестыцыйнаю дамоваю.

Атрымальнік ліста Анатоль Шумчанка распавёў «Белсату», што, на думку чыноўнікаў, тытунёвыя кіёскі дапамогуць зменшыць залежнасць ад палення.

«Адказ ні пра што. Ён супярэчыць духу і палітыцы кіраўнікоў дзяржавы. І, вядома, мы будзем пісаць зварот на імя Лукашэнкі, у якім хочам запытаць проста і зразумела: калі вы кажаце пра роўныя варункі для бізнесу, чаму адным – можна гандляваць, а іншым – не?».

Такія звароты, кажа старшыня аб’яднання «Перспектыва», маюць сэнс. Напрыклад, з 1 верасня ў сталіцы, а з лістапада – па ўсёй краіне індывідуальныя прадпрымальнікі мусяць далучыць свае касавыя апараты да падатковай сістэмы кантролю. То бок атрымаць дадатковую адміністрацыйную нагрузку.

Матэрыял Яна Вярбіцкага глядзіце ў поўным выданні навінаў за 31 жніўня

«Перспектыва» накіравала ліст у Міністэрства падаткаў з прапановаю перанесці гэтыя тэрміны. І атрымала згоду.

«Нам не вядома, на які тэрмін падоўжаць. Але факт застаецца фактам. Тэхнічна сёння няма магчымасці ўсіх прадпрымальнікаў далучыць», – кажа Анатоль Шумчанка.

Пакуль бізнесоўцы разбіраюцца з тэхнічнымі ды падатковымі пытаннямі, Савет Міністраў анансаваў, што з 1 верасня вырасце тарыфная стаўка першага разраду, а значыць, павялічацца і заробкі бюджэтнікаў, крыху больш як на 11 %. Прадстаўнік незалежнага прафсаюзу Сяргей Антусевіч лічыць, што рост не звязаны з умацаваннем эканомікі.

«Я звязваю гэта толькі з найбліжэйшымі электаральнымі кампаніямі: парламенцкімі і прэзідэнцкімі выбарамі. Настаўнікі, бюджэтнікі ў асноўным складаюць участковыя выбарчыя камісіі, уладам трэба паказваць лаяльнасць да гэтых людзей», – кажа Антусевіч.

Парламенцкія выбары адбудуцца 17 лістапада, а прэзідэнцкія – праз год.

Ян Вярбіцкі, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары