Улады грамяць прэсу і пладзяць фэйкі


Камітэт Дзяржкантролю, які ўзначальвае былы намеснік старшыні КДБ Іван Тэртэль, прыйшоў за «Камсамольскай праўдай». Разам з падатковай інспекцыяй Дзяржкантроль зладзіў ператрус у кампаніі «БелКП-Прэс», якая выдае газету ў Беларусі. Апроч гэтага, «Камсамольская праўда ў Беларусі» сустракае перашкоды ў друку і распаўсюдзе газеты з боку дзяржаўных манапалістаў.

6 чалавек ад Дзяржкантроля і падатковай інспекцыі сёння правяралі серверы і службовыя камп’ютары кампаніі «БелКП-Прэс». І абяцаюць правяраць выдавецкую кампанію ажно да 6 кастрычніка. Тэхніку ў рэдакцыі «Камсамольскай праўды» пакуль не чапаюць.

«Камсамольская Праўда ў Беларусі» прысвяціла некалькі нумароў прэзідэнцкім выбарам і пратэстам, у тым ліку паказала маштаб мірных акцыяў 16 жніўня. Тады «Дом Друку» перастаў друкаваць «Камсамолку», а «Белпошта» і «Белсаюздрук» перасталі распаўсюджваць нумары, надрукаваныя за мяжой. Тыя ж перашкоды чыняць газетам «Народная Воля», «Свабодныя навіны» і «БелГазета».

А на дзяржаўныя тэлеканалы ўлады набралі рэдактараў і тэхнічных спецыялістаў з расейскага тэлеканалу «Раша Тудэй», які цяпер называецца RT. Вось што мяркуюць пра гэта жыхары і госці Менску:

«Кепска, што ўзялі чужых».

«Яны шукаюць украінскі след, або пячэнкі Дзярждэпу. У іх усё па накатанай».

«Я абураны тым, што ідзе на АНТ, БТ, адна хлусня ідзе… І прыход «Раша Тудэй» пагаршае сітуацыю».

Напярэдадні «Раша Тудэй» апублікавала інтэрвʼю са спецназаўцамі, якія ў Менску разганялі пратэсты каля Стэлы ў ноч на 10 жніўня.

«У цэнтры ўжо сабралася шмат людзей у нецвярозым стане. Некаторыя з іх, як мы потым даведаліся, знаходзіліся ў стане наркатычнага апʼянення. Сталі забіраць найбольш шалёных, якія расфарбоўвалі дамы, грамілі прыпынкі», – заявіў чалавек, названы байцом Унутраных войскаў.

З дапамогай інтэрвʼю «Раша Тудэй» даказвае, што вось гэты мужчына, Яўген Заічкін, быў не збіты да страты прытомнасці, а проста пʼяны і пад наркотыкамі.

«Я стаў на калені, падняў рукі, каб паказаць, што не супраціўляюся і ў мяне нічога няма. Але яны беглі з дручкамі, без словаў білі ўсіх. Першы ўдар мне прыйшоўся ў вусны», – распавёў на наступны дзень пасля збіцця Яўген Заічкін.

Падчас брутальнага затрымання Яўген атрымаў чэрапна-мазгавую траўму. Увесь свет абляцелі кадры, як яго перагружаюць з аўтазака ў хуткую дапамогу. Абследаванне ў шпіталі не паказала слядоў наркотыкаў і алкаголю. Але «Раша Тудэй» распавядае гісторыю, як спецназаўцы ўратавалі хулігана ад перадазіроўкі.

«У яго было алкагольнае апʼяненне і вельмі моцнае наркатычнае апʼяненне… Хлопец быў у нас і яму было вельмі кепска», – кажа спецназавец у эфіры RT.

Мала таго, «Раша Тудэй» прыдумала фэйкавы каментар пра падзеі 23 жніўня, калі Аляксандр і Мікалай Лукашэнкі мітусіліся па Палацы Незалежнасці са зброяй.

«Почему Александр Григорьевич появился вместе с сыном на публике в военной форме и с оружием? Военный эксперт из Минска Александр Алесин утверждает, что в воскресенье оппозиционеры готовились захватить резиденцию президента, однако из-за отключённого интернета не получили из Польши сигнал о начале штурма и вынуждены были разойтись», – піша працаўнік расейскага тэлеканалу RT Андрэй Бабіцкі.

«Раша Тудэй» удзельнічае ў інфармацыйнай вайне, кажа незалежны вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін:

«Я лічу, што гэта супярэчыць журналісцкай этыцы. «Раша Тудэй» са мной не сустракалася, ніякіх інтэрвʼю я ім не даваў, ну і цяпер, напэўна, не дам».

І гэта не ўся хлусня ад працаўнікоў расейскага СМІ.

«По словам Алесина, за спинами мирных протестующих находились боевики, готовые применять силу против сотрудников ОМОНа и полиции. Они собирались по примеру украинских коллег вооружаться ломами, лопатами и использовать их в уличных боях. Собственно, в областях, которые граничат с ПольшейБрестской, Гродненской, Гомельской, – уже предпринимались попытки захвата правительственных зданий. Успеха они не имели», – піша RT.

Гэтыя словы не падмацаваныя ніякімі фактамі.

А па дзяржаўнаму тэлебачанню БТ расейцы і мясцовыя штрэйкбрэхеры паказалі правакатара, які распавёў пра нібыта набор пʼяных і наркаманаў на мітынгі. Прэс-служба МУС заявіла, што яго арыштавалі 19 жніўня.

Але журналісты бачылі гэтага зэка і 20 жніўня, і потым – побач то з міліцыянтамі, то з пратэстоўцамі.

«Чалавек вельмі вядомы журналістам, гладка голены, які ўвесь час сачыў за намі, хадзіў і перапытваў: рабяты, куды мы ідзем?» – распавяла журналістка «Белсату» Галіна Абакунчык, якая бачыла зэка-правакатара ўчора.

Гледачы паведамілі «Белсату» пра новыя правакацыі: позна ўначы людзі ў цывільным ездзяць па мікрараёнах, крычаць «Жыве Беларусь», займаюцца вандалізмам – але міліцыя не можа іх злавіць. Затое міліцыянты здымаюць бел-чырвона-белыя сцягі з будынкаў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»